Лукашэнка — узурпатар, беларускі — гераіні. Гутарка з чэшскай дысідэнткай
Дысідэнтка Ярміла Ёнава
— Я, дый не толькі я, захапляюся беларускай жаночай рэвалюцыяй, — кажа актывістка ініцыятывы “Пражскія маці” і падпісантка Хартыі-77 Ярміла Ёнава, з якой мы сустрэліся ў кавярні Скаўцкага інстытута ў Празе.
Суразмоўніца Еўрарадыё нарадзілася ў 1949 годзе ў сям’і камуністаў і стала сведкай шматлікіх гістарычных падзей, праз якія давялося прайсці чэшскаму грамадству на шляху да сваёй незалежнасці.
Жывучы ў вольнай краіне, жанчына вядзе актыўны лад жыцця, разам з іншымі актывісткамі змагаецца за чысціню навакольнага асяроддзя, не перастае цікавіцца навінамі і моцна спачувае беларускаму грамадству.
Беларускія жанчыны — гераіні
— Не ведаю, ці змаглі б так жанчыны ў Чэхіі, — паціскае плячыма спадарыня Ярміла, успамінаючы беларусак, якія ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы, каб сказаць “не” гвалту сілавікоў і хлусні Лукашэнкі. — Я думаю, што мы, калі казаць агулам, не такія гераіні. У нас такога не было.
Магчыма, калі б у 1968-м ці ў 1977-м пасадзілі больш мужчын, жанчыны б падняліся. Але сітуацыя ў той час была сапраўды крыху лагаднейшая, хоць для актывістаў яна зусім не была лагоднай, ім часам было вельмі цяжка, нават небяспечна для жыцця.
Гвалт, збіццё і іншыя жахі часоў камунізму
— Як на мяне, перыяд з 1968-га да 1977 года быў не такім цяжкім і небяспечным, як цяпер для вас, беларусаў, — кажа Ярміла Ёнава, успамінаючы жыццё ў Чэхаславакіі пасля Пражскай вясны. — З 68-га года тутэйшы рэжым ужо паціху згасаў. Што да атмасферы ў грамадстве, то тут панавала нейкая апатыя, адчуванне, што няма сэнсу нічога рабіць. Зноў, як у 1939 годзе, нашыя ўлады, урад і прадстаўнікі адзінай камуністычнай партыі, не апраўдалі чаканняў, хоць увесну 1968-га выглядалі такімі рашучымі.
Жанчына ўспамінае, як падчас акупацыі многія дысідэнты і дысідэнткі трапілі пад рэпрэсіі.
— Пасля падпісання Хартыі імгненна стала немагчыма знайсці працу. На шчасце, я ў той час была ў дэкрэце, але тыя, хто падпісаў Хартыю, хутка засталіся без працы па спецыяльнасці. Аднаго заробку нам на траіх дзяцей не хапала, але пазней я не магла ўладкавацца нават прыбіральшчыцай.
Аднойчы я некалькі месяцаў працавала прыбіральшчыцай у бальніцы. На гэтую працу мяне з прыхільнасці да дысідэнтаў узяў галоўны доктар аднаго аддзялення вялікай бальніцы.
Ярміла расказвае, што немагчымасць уладкавацца была галоўнай праблемай падчас акупацыі. Шмат хто з актыўных людзей жыў пад пастаяннай пагрозай, што іх затрымаюць ці пасадзяць — “пад бесперапынным сачэннем”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.