Адкрыты ліст Вадзіма Пракоп'ева пра сітуацыю з каліноўцам Верамейчыкам

Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракоп'еў

Вадзім Пракоп'еў папрасіў Еўрарадыё апублікаваць яго бачанне сітуацыі з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам, якога В'етнам выдаў Беларусі, а таксама адказаў Дзмітрыю Шчыгельскаму і Дзмітрыю Грамакову. Далей — тэкст Вадзіма Пракоп'ева, яго пазіцыя можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі, мы публікуем гэта з улікам таго, што ён адказвае на заявы, якія прагучалі ў эфірах Еўрарадыё.

*** 

Паглядзеў інтэрв'ю Васіля Верамейчыка з мадам Гладкай. Двойчы. 

Высновы:

— Яны зробяць усё магчымае, каб ператварыць яго ў Пратасевіча. Пратасевіча для чырвона-зялёных сілавікоў. Любымі сродкамі. Калі не хопіць экспертызы, паклічуць саюзнікаў з Лубянкі.

— Пакуль нічога не атрымалася. Запісвалі безліч гадзін. Задавалі адны і тыя ж пытанні шмат разоў. Шукалі патрэбную інтанацыю. Мантаж. Мантаж. Мантаж.

— У Васіля шкляныя вочы і залішняя жэстыкуляцыя. Дапускаю хімічнае ўздзеянне.

Открытое письмо Вадима Прокопьева о ситуации с калиновцем Веремейчиком
Інтэрв'ю Гладкай з Верамейчыкам

— Гладкая выглядае стомленай пажылой жанчынай. Усё ж такі праца інфармацыйнай абслугай не дадае прыгажосці.

— "Шакавальны" сцэнар уварвання з расстрэлам мірных жыхароў Маларыты зробіць уражанне толькі на праўладных пенсіянерак.

— Яшчэ раз падкрэсленая роля даносаў былога штаба ПКК у адмове Украіны і Літвы.

— Гэта не канец. Васіля працягнуць "адпрацоўваць".

Нагадваю чытачам: Васіль трапіўся ў рукі КДБ у В'етнаме, куды яго занесла ад адчаю. Спачатку яму адмовіла Украіна, за якую ён ваяваў. Потым Літва — паглядзеўшы на Украіну. Затым Грузія. Падрабязнасці перапіскі і галасавыя паведамленні, якія ўсплылі, пацвярджаюць старую гіпотэзу аб тым, што адмову ва Украіне Васіль атрымаў па даносе былога штаба ПКК. Злітыя файлы з размовамі сп. Кабанчука і сп. Манько сведчаць аб практыцы палявання на ведзьмаў — "там кубло такое..." — і барацьбе з непажаданымі любымі сродкамі, у тым ліку з дапамогай "пасла" ў Кіеве, прадстаўніка АПК.

Пакуль Каардынацыйная рада рыхтуецца да слуханняў па кейсе Васіля Верамейчыка, у беларускіх незалежных медыя з'явілася група падтрымкі сп. Кабанчука.

У адказ на маё інтэрв'ю на Еўрарадыё спачатку выступіў сп. Шчыгельскі. Дзмітрый Шчыгельскі скарыстаўся з жалезнай аргументацыі: "Пракоп'еў добра расказвае. Літаратурна. Але ў жыцці яно па-іншаму". Як менавіта "па-іншаму" ў жыцці, Шчыгельскі не патлумачыў. Дзмітрый згадаў, што сварыцца з Украінай дзеля Васіля — тактыка не вельмі перспектыўная. Нам з Украінай трэба супрацоўнічаць.

Прыкладам такога "супрацоўніцтва" на Еўрарадыё выступіў іншы абаронца Кабанчука — сп. Дзмітро Грамакоў. Грамакоў для грунтоўнасці быў у паўвайсковай форме, з дагледжанным тварам і мітуслівымі вачыма.

Гледачам прапаноўвалі паверыць, што перад імі афіцыйная асоба. Супрацоўнік ГУР, не драбней. Грамакоў шмат гаварыў на скупой украінскай мове.

Сутнасць зводзіцца да наступнага:

— Ніякай забароны СБУ не існуе. У вас няма доказаў.

— Пракоп'еў зарабляе палітычныя балы.

— А Сахашчык наогул агентура.

Спытаў у ШІ, хто такі Грамакоў. Вось адказ:

"Дзмітрый Грамакоў — украінскі сацыёлаг, палітолаг і паліттэхнолаг з Дняпра, вядомы сумніўнымі сацыялагічнымі апытаннямі і сувязямі з алігархічнымі палітычнымі сіламі. Ён быў дырэктарам агенцтва "Украінская праектная сістэма" (2009-2014) і займаў пасады ў аналітычных цэнтрах. Таксама яго дзейнасць звязаная з маніпуляцыяй грамадскай думкай праз малапрыкметныя піяр-структуры. У мінулым Грамакоў быў вядомы супрацоўніцтвам з прарасійскімі структурамі. Актыўна ўдзельнічае ў падтрымцы беларускай апазіцыі".

Патэлефанаваў сябрам ва Украіну, паспрабаваў даведацца больш. Вось вынікі:

— Называе сябе сацыёлагам. Фрылансер.

— У ГУР не служыць. У АП не працуе.

— Падзарабляе на разнастайных выбарах.

— Быў падрадчыкам у структур Мядзведчука.

— У 2014 годзе працаваў з беларускімі прапагандыстамі Шпакоўскім і Дзермантам у адным аналітычным цэнтры.

У 2022 годзе Дзмітрый Грамакоў актывізаваўся па беларускай тэме. Знайшоў грошы на дзве вялікія канферэнцыі — у Румыніі і Польшчы, дзе сабраў усю даверлівую беларускую апазіцыю. Усіх запісаў. Зарэгістраваў. Арганізаваў стратэгічныя гульні па сцэнарах змены рэжыму ў Мінску.

У мяне ўзнікае пытанне: ці трэба кабінету Зяленскага або службам Украіны вылучаць бюджэт на канферэнцыі з беларускай апазіцыяй? Упэўнены, што не. Беларускую апазіцыю за суб'ект не ўспрымаюць. У Офіса Зяленскага пагадненне з Мінскам.

Тады хто даў грошы Грамакову? І хто атрымаў дакументы з усімі вынікамі стратэгічных гульняў па змене рэжыму?

Беларуская апазіцыя напачатку вайны доўга не магла паверыць, што яна зусім не цікавая Украіне. Гэта дало поле магчымасцяў для палітычных авантурыстаў — дзяцей лейтэнанта Шміта.

Як тут не ўспомніць класіку? "Французскае прозвішча кухара служыла яму лепшай рэкамендацыяй..."

Апошнія навіны: у цяперашні момант ва Украіне знаходзіцца палонны з РБ. Ён патрабуе, каб урад Лукашэнкі заняўся ягоным лёсам. Гэта рэдкі шанец.

Афіцыйны ліст са зваротам да вайскова-палітычнага кіраўніцтва Украіны знаходзіцца ў працэсе зацвярджэння ў Каардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі.

Васілю — сіл і моцных нерваў. Спадзяемся на лепшае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі

Buy Me A Coffee
Падтрымайце нашу працу!