"Прызнаць права на выбар". Пост дня — пра рэакцыю на затрыманне Nizkiz

Nizkiz

Nizkiz

Пра затрыманне трох з чатырох удзельнікаў гурта Nizkiz, аўтараў гімна 2020-га "Правілы", стала вядома 6 студзеня. "Што яны рабілі ў Беларусі, навошта яны там былі, самі напрасіліся", — было дастаткова шмат каментароў такога кшталту, дзе музыкаў амаль абвінавачвалі ў іх жа затрыманні.

Пра сітуацыю з затрыманнем Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшы і Дзмітрыя Халяўкіна з Nizkiz агучылі і шмат іншых меркаванняў. Адным з іх рэдакцыя Еўрарадыё палічыла важным падзяліцца з чытачамі. Гэта пост юрысткі-міжнародніцы Кацярыны Дэйкала, які мы перадрукоўваем з яе дазволу.

***

Мы ўсё жыццё жылі ў сістэме, якая не бачыць суб'ектнасці чалавека. І ўвесь працэс гадавання і існавання чалавека ў гэтай сістэме скіраваны на тое, каб і ён не адчуваў сябе суб'ектам, і іншыя не бачылі суб'екта ў ім/ёй.

У тым ліку адсюль у нас часта ёсць устойлівая ўпэўненасць, што дарослых дзеяздольных людзей можна і трэба прымусіць не рабіць нешта, што можа быць небяспечным для іх, ці рабіць тое, што на нашу думку, для іх лепшае ў гэтай сітуацыі.  Гэтай рысы складана пазбавіцца. І я такая: я асуджаю і абмяркоўваю. Я не магу зразумець некаторых рэчаў і некаторых выбараў што да свайго жыцця, якія робяць блізкія мне людзі ці проста людзі.

У мяне ёсць прыклад сям'і, у якой аднаму чалавеку патэнцыйна (але з досыць вялікай доляй імавернасці) пагражае небяспека, але сям'я не змагла з'ехаць уся і не змагла/не захацела ўладкаваць сваё жыццё на адлегласці, таму чалавек, спачатку з'ехаўшы, вярнуўся ў Беларусь. Бо быць з сям'ёй для яго галоўнае і, відаць, перабівае страх турмы.

Я ўжо не кажу пра праваабаронцаў, якія наўмысна засталіся пры тым, што імавернасць іх пасадкі была непараўнальна вышэйшая, чым імавернасць пасадкі Nizkiz. Дарэчы, ніхто чамусьці не называў тых жа вясноўцаў інфантыльнымі дурнямі (якія за 2 тыдні да затрымання таксама наўмысна і свядома вярнуліся ў Беларусь). Або тую ж Насту Лойка (якая таксама з'язджала і вярталася). Ніхто не заклікаў іх рваць пашпарты.

Таму што ў іх усвядомлены выбар, а ў людзей "не ў тэме", лічыцца, не свядомы? Таму што тады было "яшчэ не зразумела", а цяпер "ужо ўсё зразумела"? Ці таму, што, на думку грамадства, рызыка быць пасаджаным прыкладаецца да іх прафесіі, а да прафесіі тых жа музыкаў — не? Думаю, і першае, і другое, і трэцяе.

Я не думаю, што варта патрабаваць ад людзей не ацэньваць выбар іншых і не выказвацца з гэтай нагоды. Не думаю, што людзі не могуць/не павінныя даваць сваіх суб'ектыўных публічных ацэнак публічнай інфармацыі. Гэта, урэшце, абараняецца свабодай слова.

Асабіста я лічу, што было б нашмат больш карысна і для справы, і для іх саміх, калі б калегі і каляжанкі з праваабароны з'ехалі/не вярнуліся. Я лічу выбар некаторых іншых людзей, якія ўрэшце селі, безадказным у дачыненні да сваіх малых дзяцей. Гэта мае ацэнкі і мае эмоцыі, на якія я таксама маю права. Многія нашы рэакцыі сапраўды адлюстроўваюць наш боль, бездапаможнасць, перажыванні. І, вядома, наш асабісты досвед і перакананні.

Але цяпер пра іншы фокус. Ацэнка нечага выбару са сваёй перспектывы і прыняцце гэтага выбару як неад'емную частку павагі да асобы — розныя рэчы. Уся гэтая гісторыя — у тым ліку пра прыняцце "іншых". І гэта частка штодзённай культуры правоў чалавека ў адносінах паміж людзьмі. У дадзеным выпадку для кагосьці гэтыя людзі "іншыя" — таму што робяць не зразумелы ім выбар па-за іх сістэмай каардынатаў.

На самай справе кожны чалавек — гэта асобны космас. І гэта таксама вельмі цяжка прыняць. Я не ўмею гэта рабіць ва ўсіх выпадках. Прымаючы нейкія рашэнні адносна свайго жыцця, чалавек можа мець нейкія матывы, расстаўляць прыярытэты, пра якія зусім не абавязаны паведамляць усяму свету, каб свет мог вынесці вердыкт: герой ці дурань (і тут яшчэ важны і складаны для прыняцця момант — чалавек у прынцыпе не абавязаны быць героем). Часам гэта можа быць сапраўды глупства і/або наіўнасць, часам — вера ў сваю выключнасць, "са мной не здарыцца", часам — цалкам ўсвядомленае прыняцце рызыкі. Але ў любым выпадку выбар дарослага дзеяздольнага чалавека — гэта яго выбар і яго адказнасць перад самім сабой. І вельмі важна прызнаць за чалавекам права на такі выбар. І гэта часткова шлях да збавення ад таго самага інфантылізму, якога ў нас у зашмат.

"Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета", — часта казалі ў 2020-м. Ды многія з нас і сябе не ведалі да таго лета. Гэты час з 2020-га — пастаянны час выбару. Ён працягваецца. І ў многіх выпадках гэта таксама праява суб'ектнасці людзей. Павага да суб'ектнасці адно аднаго — гэта вельмі важны крок для сумеснага існавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі