Улады пачалі прывучаць беларусаў да думкі пра забарону абортаў

Заходзяць праз падлеткаў. Грамадства спачувае іх праблемам і таму лёгка падтрымае радыкальныя рашэнні / калаж Улада Рубанава

Заходзяць праз падлеткаў. Грамадства спачувае іх праблемам і таму лёгка падтрымае радыкальныя рашэнні / калаж Улада Рубанава

На беларускім ТБ загаварылі пра забарону абортаў. Пакуль што абмяркоўваюць выпадкі зусім маладых дзяўчат — 16-18 гадоў. Разлік на тое, што грамадства спачувае падлеткам, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі, таму падтрымае радыкальныя рашэнні. Але падрыхтаваўшы людзей да аднаго абмежавання, улады могуць вельмі хутка пайсці далей.

Першая ластаўка будучай забароны — перадача “Да!Но” на канале СТБ, прысвечаная абортам. 

“Логіка перадачы такая: калі размаўляць пра поўную забарону абортаў, гэтага не падтрымае ніхто. І вось яны пачынаюць з маленькай групы — падлеткаў, — заўважае ў эфіры Еўрарадыё гендарная даследчыца Ірына Сідорская. — Яны спачатку абмяркоўваюць не аборты агулам, а аборты для дзяўчат падлеткавага ўзросту. Але відавочна хочуць нармалізаваць думку, што трэба абмяжоўваць права на аборт.

Калі людзі не будуць супрацьстаяць гэтаму, дык у нас будзе такая таталітарная дзяржава, дзе раскладзена ў тым ліку і тое, што ты мусіш рабіць у асабістым жыцці”.

Але, напрыклад, у Польшчы таксама забароненыя аборты. Там таксама аўтарытарызм?

Улады пачалі прывучаць беларусаў да думкі пра забарону абортаў
Ток-шоу "Да!Но" / скрыншот з відэа

Сідорская нагадвае, што такое наша краіна ўжо праходзіла. У сталінскія часы аборты былі забароненыя, каб вырашыць дэмаграфічныя праблемы. Цяперашнія беларускія ўлады таксама шмат думаюць пра дэмаграфію, а Лукашэнка называе яе “самай вялікай праблемай”.

“Але забарона абортаў ніколі не прыводзіць да таго, што жанчыны больш нараджаюць. Гэта прыводзіць да цяжкіх наступстваў для іх здароўя і да росту смяротнасці сярод жанчын рэпрэдуктыўнага ўзросту”.

У якасці доказу Сідорская прыгадвае статыстыку: у параўнанні з пачаткам 1990-х у Беларусі цяпер робіцца ў 8 разоў менш абортаў, але гэта не значыць, што беларускі пачалі ў 8 разоў больш нараджаць.  

“Дзяржава не можа нічога зрабіць, каб людзі хацелі нараджаць. Яны толькі прымушаюць людзей штосьці рабіць альбо штосьці не рабіць. То-бок, дзяржава не хоча займацца сацыяльнай абаронай, рабіць інфраструктуру, будаваць новыя дзіцячыя садкі. А праблему хоча вырашыць забаронай абортаў. Вось і ўся дэмаграфічная палітыка”, — рэзюмуе даследчыца. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі