"Усім на цябе пляваць". Гісторыя Ганны, якая зацяжарала ў 14 гадоў

У дзіцячым пакоі / pixabay.com
У дзіцячым пакоі / pixabay.com

Апошні артыкул ад дзяржаўных СМІ пра цяжарнасць няпоўнагадовых беларусак быў напісаны 3 снежня 2021 года "Ваўкавыскай газетай". Акцэнты ў артыкуле расстаўленыя, мякка кажучы, дзіўна. Напрыклад: "Любвеобильная" несовершеннолетняя также пригласила к себе домой". Такія матэрыялы суправаджаюцца зводкай МУС і пералікам крымінальных артыкулаў. Але пра саму цяжарнасць няпоўнагадовых і дапамогу ім нідзе не гаворыцца. Статыстыка па няпоўнагадовых маці таксама схаваная. Аднак гэтая з'ява існуе.

"Белыя халаты" прыводзяць шчырыя аповеды доктаркі-гінеколага і беларускі, якая ў падлеткавым узросце стала мамай.

 

“Прыходзяць спалоханыя і разгубленыя, гэта ж усё роўна дзеці”

Марыя (імя змененае) — доктарка-гінеколаг з невялікага горада ў Мінскай вобласці. Жанчына ўжо восем гадоў працуе ў мясцовай жаночай кансультацыі. У яе абавязкі ўваходзіць таксама вядзенне цяжарнасці на ўчастку. Марыя кажа, што кожны год толькі на яе ўчастку яна вядзе цяжарнасць у сярэднім дзесяці дзяўчынак, якія не дасягнулі 18 гадоў.

“Гэта абсалютна розныя дзяўчынкі. Сярод іх ёсць і з нешчаслівых сем'яў, ёсць і з сем'яў, у якіх усё ў парадку. Асноўная праблема ўсіх — прабел у сексуальнай адукацыі. А таксама адсутнасць псіхалагічных апораў унутры. Я стараюся гаварыць з дзяўчынкамі. Яны ўсе прыходзяць спалоханыя і разгубленыя, гэта ж усё роўна дзеці. Яны думаюць, што іх зараз пачнуць лаяць і казаць, што "ногі рассоўваюць". У размове ўсплывае такое, што не было прэзерватыва, а партнёр угаварыў, "праламаў", а дзяўчына не хацела, каб хлопец кінуў. Ці дзяўчаты думаюць, што раз ужо ў іх нестабільны цыкл, то пранясе і з цяжарнасцю. Цяжарнасць — гэта калі тваё жыццё становіцца іншым, а незапланаваная цяжарнасць — гэта калі бурацца твае планы і трэба будаваць новыя. Для няпоўнагадовай дзяўчынкі гэта вялікае выпрабаванне для псіхікі і цела. Псіхолагі, якія прымацаваныя да кансультацыі, — яны некампетэнтныя. Часцей за ўсё гэтыя жанчыны расказваюць пра тое, што трэба забыцца на сябе і думаць пра дзіця. Але як можа забыцца на сябе школьніца, якой трэба вучыцца, гадаваць дзіця і думаць пра будучыню?" — разважае Марыя.

“Всем на тебя плевать”. История Анны, которая забеременела в 14 лет
"Калі тваё жыццё становіцца іншым..." / pixabay.com

“Стаць на ўлік у СНС найпрасцей”

Ганне 19 гадоў, яе дачцэ Кіры чатыры. Калі Ганна вучылася ў 9 класе, то зацяжарала. Дзяўчына кажа, што больш не хоча дзяцей.

"Мяне жыццё змусіла занадта рана пасталець і зразумець, як жанчына ў любым узросце не абароненая ад грамадства. Цяпер, стаўшы дарослай жанчынай, я разумею, што не хачу больш дзяцей. У мяне расце дачка, і я буду рабіць усё, каб яе абараніць", — эмацыйна кажа Ганна.

Беларуска родам з Оршы. Ганна расла з мамай, айчымам і двума братамі. Кажа, што з айчымам адносіны не склаліся адразу.

"Ён любіў падняць на мяне руку, а калі я пачала даваць адпор, ён адрываўся на маці. Мая мама была ахвярай заўсёды па сваёй натуры. Яна не абараняла ні сябе, ні сваіх дзяцей. Цяпер я хаджу на псіхатэрапію і разбіраю сваё дзяцінства. І я зусім не здзіўленая, як у 14 гадоў пачала сустракацца са старэйшымі хлопцамі. Бо мне хацелася абароны. Так я і звязалася з бацькам сваёй дачкі. Яму было 18 гадоў, ён вучыўся ў мясцовым каледжы. Я сустракалася з ім літаральна тры месяцы і зацяжарала. Цяпер я шмат рэфлексую над тым часам і магу сказаць, што я падвяргалася псіхалагічнаму гвалту. Мяне літаральна уломваў мой хлопец на інтым. Ён казаў, што ў яго ўсё пад кантролем, а я на той момант не ведала, што сама таксама павінная кантраляваць сэкс. Адмовіць хлопцу я не магла, бо баялася, што мой "абаронца" мяне кіне. Так, ён пару разоў заступіўся за мяне перад айчымам", — кажа дзяўчына.

Ганна расказвае, што даведалася пра цяжарнасць праз таксікоз.

“Я пачала ванітаваць ад смажанай бульбы. Мама заўсёды яе гатавала. Яна адразу зразумела, што гэта таксікоз, і паклікала мяне на гутарку. Потым мы пайшлі да доктара, а ў мяне цяжарнасць восем тыдняў. Затрымкі я не заўважыла, бо ставілася да свайго здароўя ніяк", — кажа Ганна.

"Калі цяжарнасць пацвердзілася, мама лаялася на мяне. Але потым сказала, што аборт рабіць не будзем, і яна дапаможа выгадаваць".

“Калі ты цяжарная, то пра школу можаш наогул забыць. Ніхто з псіхолагаў, з сацыяльных педагогаў, з завучаў і настаўнікаў не будзе падладжвацца. Усім пляваць, што табе трэба карміць дзіця і неяк аднаўляцца. Школьны псіхолаг для галачкі задала дзіўныя пытанні і нічога не спытала нават пра мой стан. Ад стомленасці і трывогі я толкам не магла на нагах стаяць", — уздыхае Ганна.

Беларуска кажа, што з сацыяльнай дапамогі яна не атрымлівала нічога.

"Малагадовую маці ў Беларусі не абараняюць, а шукаюць прычыны яе пакараць. Стаць на ўлік у СНС (сацыяльна небяспечнае становішча. — Заўв. рэд.) найпрасцей. Замест таго каб мне дапамагчы, мяне правяралі, выклікалі на гутаркі да школьнага сацыяльнага педагога, прыходзілі дадому праверыць умовы. Гэта ўсё для дзяўчынкі 15-16 гадоў велізарны стрэс. І мяне ванітуе ад словаў, калі ўлады кажуць, як любяць і абараняюць дзяцей і мам. Яны мам шантажуюць дзецьмі, а не дапамагаюць", — рэзюмуе Ганна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі