Наста Лойка — праваабаронца года ў Беларусі
Наста Лойка / Еўрарадыё
11 студзеня ў Беларускім доме правоў чалавека назвалі лаўрэатаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год. Узнагароджанне праходзіць ужо 14-ы раз.
У намінацыі "Праваабаронца года-2022" пераможцай стала праваабаронца Наста Лойка. Дзяўчыну адзначылі за тое, што яна абараняла правы замежных грамадзян і людзей без грамадзянства, займалася аналізам экстрэмісцкага заканадаўства, зрабіла вялікі ўнёсак у нефармальную адукацыю.
Сама Наста цяпер знаходзіцца за кратамі, на яе пачалі крымінальную справу.
Пераможцай у намінацыі "Журналіст года-2022" стала галоўная рэдактарка "Новага Часу" Аксана Колб. Прэмію ў гэтай намінацыі атрымліваюць журналісты ці блогеры, якія ў мінулым годзе найбольш актыўна і яскрава асвятлялі пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, тэле- ці радыёпраграмы мелі найбольшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаментальных свабод у краіне.
Аксана Колб была асуджаная на 2,5 гожа хіміі па абвінавачанні ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх". Яна з'ехала з Беларусі.
У намінацыі "Праваабарончая кампанія 2022 года" пераможцам названы Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў.
Атрымліваючы ўрачысты дыплом, праваабаронца Вікторыя Фёдарава сказала: "На жаль, я адзіны публічны чалавек у камітэце, але я хачу аддзячыць сваіх калег за працу. Важна адзначыць, калі камітэт ствараўся у 2020-м, ніхто не мог уявіць, што ў 2023 годзе мы будзем працаваць яшчэ больш. Бо катаванні працягваюцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.