Заходнія ІТ-інвестыцыі замяніць на азіяцкія! Што думаюць айцішнікі
Спойлер: нічога добрага / калаж Улада Рубанава
Ініцыятыва Лукашэнкі заходнія ІТ-інвестыцыі замяніць на азіяцкія нерэалістычная. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё кажа ІТ-прадпрымальнік Павел Лібер.
“У прынцыпе вельмі складана гэта сур'ёзна разглядаць, таму што, з аднаго боку, мы бачылі, што ўсе абяцанні любых азіяцкіх інвестыцый і ініцыятыў заўсёды заставаліся проста абяцаннем. З іншага боку, калі мы паспрабуем іх накласці ўжо наўпрост на айцішны кластар, то акажацца, што велізарная колькасць людзей — менавіта людзей скіловых, з досведам — яны ўжо павыязджалі. Не ўсе, вядома, але вельмі многія. І паколькі разам з імі з'ехала вельмі шмат буйных энтэрпрайзаў, якія гадавалі гэтыя таленты, то адбылося вельмі сур'ёзнае вымыванне экспертызы з краіны.
Спрабаваць накласці на ўсё гэта азіяцкія інвестыцыі ці азіяцкіх працадаўцаў сэнсу асабліва не мае, таму што людзі, якія засталіся — яны ці працавалі на прадуктовыя кампаніі, ці перайшлі ў нейкія расійскія кампаніі. Гэтая праблема не ў тым, што няма кліентаў або інвестыцый”.
Паводле Лібера, сапраўды цікавае ў гэтай навіне тое, што гэта першае публічнае прызнанне, што ўсё вельмі дрэнна:
“Мы памятаем, як бравіравалі, што ў ПВТ ўсё вельмі добра, як добра, што ўсе не з'ехалі. А цяпер аказваецца, што ўсё не вельмі добра. Літаральна нядаўна была навіна, што Белстат закрыў інфармацыю пра тое, якая колькасць ІТ-спецыялістаў выехала. У камбінацыі становіцца зразумела, што ў індустрыі ўсё вельмі дрэнна.
З гэтым спрабуюць пачынаць змагацца. І тут бы я пачаў хвалявацца: сёння яны будуць казаць пра прыход інвестыцый, а заўтра — пра адміністрацыйнае абмежаванне выезду айцішнікаў за мяжу. На месцы людзей, якія застаюцца ў краіне, я б крыху паднапружыўся, таму што як толькі ў нейкай галіне публічна пачынаюць прызнаваць праблемы, то іх спрабуюць вырашаць самымі тупымі спосабамі.
Калі кіраўнікам бізнесу забаранілі вывозіць бізнес з краіны, то я абсалютна не выключаю, што дойдзе і да таго, што айцішнікам забароняць звальняцца. У сучаснай Беларусі магчымае ўсё, але, на жаль, у негатыўным кантэксце”.
Скептычна да ініцыятывы ставіцца і блогер Аляксей АйЦіБарада:
“Як праграміст магу сказаць, што гэта вельмі дзіўная навіна, бо шмат гадоў беларуская айцішка працавала на заходні рынак. І мы шмат гадоў трэніраваліся быць у адным, так скажам, ментальным полі. Беларускі менталітэт больш падобны да еўрапейскага, чым да азіяцкага. Разуменне ментальнасці і веданне англійскай мовы на патрэбным узроўні — велізарныя плюсы беларускіх айцішнікаў. Бізнесам было вельмі зручна адкрываць свае рэсёрч-цэнтры ў Беларусі, бо гэта недалёка ад іх — гэта краіна, якая мяжуе з ЕС. Не трэба марнаваць шмат часу, каб топ-менеджменту прыляцець у Мінск і праверыць, што там адбываецца ў іх кампаніі”.
На яго думку, азіяцкі рынак ніяк не будзе прывабліваць беларускіх айцішнікаў:
“Першае, што прыходзіць у галаву, калі мы кажам "азіяцкая кампанія", — гэта, вядома, Кітай. Тут трэба разумець, што кітайская “айцішка” вельмі моцна адрозніваецца ад таго, да чаго ўжо прызвычаіўся беларускі айцішнік. Там зусім інакш пабудаваныя працэсы распрацоўкі праграмнага забеспячэння, там іншы менталітэт, там іншая мова. Я няшмат сутыкаўся з кітайскімі праектамі, але мы ведаем, што там кітайская мова. І калі беларускаму айцішніку прапануюць кітайскі праект з умовай вывучэння кітайскай мовы, то я пагляджу на тых з іх, хто пагодзіцца. Мне падаецца, гэта будуць адзінкі”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.