Помнік Сталіну замест Геніюш: як беларусам супрацьстаяць “рускаму свету”

Беларусам дапаможа культурны супраціў / EPA/YAUHEN YERCHAK
Беларусам дапаможа культурны супраціў / EPA/YAUHEN YERCHAK

Знікненне помніка беларускай паэтэсе Ларысе Геніюш ў Зэльве — гэта яшчэ адна трывожная прыкмета, што прыхільнікі “рускага свету” выціскаюць беларускасць з Беларусі. Варта было прарасійскай актывістцы Вользе Бондаравай паскардзіцца на помнік, і ён чароўным чынам знік. Як беларусам змагацца за сваю спадчыну з улікам рэпрэсій? Сваімі думкамі аб праблеме і варыянтах яе вырашэння ў эфіры Еўрарадыё дзеліцца палітолаг Павел Усаў.

Заўтра гэтая Бондарава будзе спікерам Лукашэнкі. І не толькі яна. Там жа і Шпакоўскі, і Гігін — дамінацыя расійскага свету.

Фактычна культурная ядзерная вайна ўжо вядзецца. Яна распачатая Лукашэнкам у 1995 годзе. Цяпер вось гэтая культурная ядзерная зіма ўжо дамінуе. То бок гэта будзе татальна. У хуткім часе вернуцца помнікі Сталіну. Івану Грознаму паставяць у Полацку і ў Віцебску помнікі, як ён там “вызваляў” ад палякаў беларусікя землі. Будзе зараз татальнае вынішчэнне ўсяго беларускага.

Што ў такой сітуацыя рабіць беларусам, асабліва тым, якія застаюцца унутры краіны?

Тыя, хто не ведаюць, як захоўвацца — хаця б раз на дзень, гадзіну хаця б у дзень размаўляйце па-беларуску. Бо цяпер адзіная магчымасць выжывання ў гэтай ядзернай культурнай зіме — захаванне беларускасці, свядомасці, нацыянальнай мовы. Збірайцеся з сябрамі, размаўляйце па-беларуску. Гэта тое, што можа дазволіць перажыць гэтую ядзерную зіму.

Помнік Ларысе Геніюш вернецца. Не толькі ёй. У цэнтры Мінска будзе помнік і Каліноўскаму, і плошча Васіля Быкава. Усё гэта вернецца, але трэба цяпер нават ва ўмовах тэрора і рэпрэсій захоўваць беларускасць.

У лагерах, дзе сядзела Ларыса Геніюш, яна пісала вершы. І гэтыя вершы вучылі на памяць і выносілі [па-за межы лагера]. І мы вынесем гэта.

Супраціў на культурным узроўні — гэта вельмі важна, падкрэслівае палітолаг.

Давайце хаця б гадзіну ў дзень, хто зможа дома размаўляць па беларуску. Прынамсі ў палітычнай сённяшняй рэчаіснасці, у апазіцыйнай беларуская мова павінна дамінаваць. Беларуская мова павінна стаць мовай палітыкі, дэмакратычнай супольнасці. Няма тут месца для расійскай мовы, — рэзюмуе Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі