Прыхільніка Пуціна не дапусцілі да прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі

Прыхільнікі Джарджэску арганізавалі пратэст у Бухарэсце / newsmaker.md
Прыхільніка Пуціна не дапусцілі да прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі. Цэнтральнае выбарчае бюро адмовілася зарэгістраваць кандыдатуру ўльтраправага палітыка Кэліна Джарджэску. Галасаванне прайшло ўвечары 9 сакавіка. За допуск былі толькі 4 члены выбаркама з 14. Прыхільнікі Джарджэску арганізавалі пратэст каля офіса Бюро і спрабавалі ўварвацца ў яго. Паліцыя выкарыстала слёзацечны газ, піша newsmaker.md.
"Калі дэмакратыя ў Румыніі ўпадзе, упадзе ўвесь дэмакратычны свет! Гэта толькі пачатак. Усё вельмі проста! Еўропа цяпер — дыктатура, Румынія — пад тыраніяй!" — напісаў палітык у сацсетках. Ён можа абскардзіць рашэнне Цэнтральнага выбарчага бюро ў Канстытуцыйным судзе.
24 лістапада 2024-га ў Румыніі прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта. У ім з 13 кандыдатаў большасць галасоў атрымаў Джарджэску, які балатаваўся як незалежны кандыдат. Другое месца заняла лідарка праеўрапейскай ліберальнай партыі Саюз выратавання Румыніі Алена Ласконі. 6 снежня Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі першага тура прэзідэнцкіх выбараў. Падставай для гэтага сталі заявы спецслужбаў пра тое, што Румынія стала мішэнню "гібрыднай атакі" Расіі.
У канцы 2024-га правячая кааліцыя прызначыла дату паўторных прэзідэнцкіх выбараў. Першы тур адбудзецца 4 траўня, а другі — 18 траўня.
Джарджэску знаходзіцца пад судовым кантролем — яму забаронена пакідаць краіну, а таксама публікаваць у сацсетках фашысцкія, антысеміцкія, расісцкія і ксенафобскія матэрыялы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.