Лідары ЕС ухвалілі план пераўзбраення на 800 млрд еўра

Саміт ЕС у Бруселі 6 сакавіка

Саміт ЕС у Бруселі 6 сакавіка / AP

Лідары краін ЕС на экстраным саміце, які адбыўся 6 сакавіка ў Бруселі, ухвалілі план пераўзбраення Еўрасаюза на 800 мільёраў еўра. Раней яго прэзентавала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

У выніковым дакуменце саміта Еўракамісію заклікаюць хутка ўвасобіць палажэнні плана ў канкрэтныя прапановы.

Адной з галоўных прапаноў стала стварэнне новага фонду на 150 мільярдаў еўра. Гэтыя грошы будуць вылучацца ў выглядзе крэдыіаў з бюджэту ЕС. Як адзначае Euronews, гэтыя сродкі мусяць быць выкарыстаныя для сумесных інвестыцый, па меншай меры, дзвюх дзяржаў-чальцоў у такія сферы, як супрацьпаветраная абарона, ракеты, беспілотнікі ды сістэмы абароны ад іх, а таксама артылерыйскія сістэмы.

На думку фон дэр Ляен, з гэтым абсталяваннем дзяржавы ЕС "змогуць значна павялічыць сваю дапамогу Украіне". Гэта стала найбольш актуальным пасля таго, як Дональд Трамп прыпыніў ваенную дапамогу і абмен амерыканскімі разведданымі з УСУ.

План пераўзбраення быў прыняты ўсімі дзяржавамі-чальцамі ЕС аднагалосна.

А вось заяву наконт Украіны падпісалі толькі 26 з 27 краін. Прэм'ер-міністр венгрыі Віктар Орбан, вядомы прыхільнік крамлёўскай палітыкі, адмовіўся паставіць свой подпіс.

У дакуменце лідары краін ЕС заяўляюць пра нязменную падтрымку Кіева і называюць умовы для дасягнення справядлівага міру:
— перамовы па Украіне не могуць адбывацца без удзелу Украіны;
— без удзелу Еўропы не можа быць перамоваў, якія закранаюць еўрапейскую бяспеку. Прычым падкрэсліваецца, што бяспека Украіны, Еўропы, трансатлантычная і глабальная бяспека ўзаемазвязаныя;
— любое перамір'е ці спыненне агню можа быць толькі часткай працэсу, які вядзе да заключэння ўсёабдымнага мірнага пагаднення;
— любое мірнае пагадненне павінна суправаджацца надзейнымі і пераканаўчымі гарантыямі бяспекі для Украіны, якія дапамогуць стрымаць будучую расійскую агрэсію;
— свет павінен паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі