Місія ЗША пры АБСЕ выступіла з заявай пра "выбары" ў Беларусі

ЗША не далучыліся да заявы АБСЕ па беларускіх "выбарах", а выступілі з сваім дакументам
Асобную заяву пра "выбары" ў Беларусі зрабіла місія ЗША пры АБСЕ. Раней яна не далучылася да заявы краін нефармальнай групы "Сябры дэмакратычнай Беларусі".
У дакуменце гаворыцца, што "выбары" адбываліся ва ўмовах дзяржаўнай цэнзуры, рэпрэсій супраць незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама выключэння дэмакратычнай апазіцыі з палітычнага працэсу.
"Не стала здзіўленнем, што Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра сваю перамогу, нягледзячы на працэс, які прайшоў са мноствам парушэнняў, у якім у яго не было рэальнай канкурэнцыі", — канстатуюць аўтары заявы.
Яны нагадваюць, што нягледзячы на нядаўнія вызваленні некалькіх дзясяткаў чалавек рэжым Лукашэнкі працягвае трымаць за кратамі каля 1250 палітвязняў.
Таксама Злучаныя Штаты звярнулі ўвагу на тое, што Беларусь своечасова не адправіла БДІПЧ АБСЕ запрашэнне назіраць за "выбарамі". ЗША нагадваюць, што як дзяржава-ўдзельніца аБСЕ Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязанні, у тым ліку захаванне правоў чалавека і асноўных свабод кожнага.
Увечары 31 студзеня гэты тэкст знік з сайта місіі ЗША пры АБСЕ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.