Лукашэнка звярнуўся да моладзі: Дзейнічайце, стварайце! (відэа)
За некалькі хвілін да Новага года Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да беларусаў з традыцыйным відэазваротам. У ім гаворка ішла пра будучыню нашай краіны і яе людзей.
Лукашэнка нагадаў пра галоўнае, што было зроблена ў 2017 годзе — пра “рашучыя меры па ўдасканаленні эканомікі”, якія прывядуць “да змянення нашага грамадства”. Аднак “мэты заўтрашняга дня” ўдасца дасягнуць не хутка, гэта “справа многіх гадоў”, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“У сувязі з гэтым мой зварот да моладзі: дзейнічайце, стварайце! — гаварыў беларускі кіраўнік. — Для вас адкрыты ўсе дзверы! Вы абавязаны ўзяць гэту неймаверна цяжкую вышыню. За вамі будучае краіны”.
Што да бацькоў і дзядоў маладых беларусаў, дык “думаць пра спакой не атрымаецца”. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што будзе патрэбны іх досвед, веды і мудрасць, каб “дапамагчы маладым у працэсе складанага руху наперад”.
У звароце Лукашэнка нагадаў, што беларусаў чакае “шмат важных спраў ва ўсіх сферах жыцця краіны”. Цікава, што ён не назваў Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у Беларусі летам 2019-га. Гаварыў пра “пярэдадзень вялікіх спартыўных падзей міжнароднага маштабу” і што чакаецца прыезд тысяч гасцей. Таму трэба аб’яднацца і прывесці “наш агульны дом у належны парадак”, сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён хоча, каб краіна стала “ўзорнай… дагледжанай, утульнай для жыцця, дружалюбнай і паважанай у свеце”.
“Менавіта за такую краіну — свабодную і незалежную — нашы продкі змагаліся, каб мы, хто жыве на гэтай зямлі, былі тут сапраўднымі гаспадарамі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра “асноўныя прынцыпы нашай дзяржавы”: павага да заслуг кожнага чалавека, роўнасць і справядлівасць.
Лукашэнка традыцыйна сказаў, што галоўны здабытак беларускай зямлі — гэта людзі. Ён пажадаў ім, каб 2018 год “стаў мірным, паспяховым і шчаслівым”.
Цалкам навагодні зварот Аляксандра Лукашэнкі гл. тут, а таксама гл. на відэа.