Лябедзька паведаміць генпракурору пра няправільны падлік яўкі выбаршчыкаў

Сустаршыня Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька рыхтуе скаргу на імя генеральнага пракурора. Ён абскарджвае вынікі галасавання па 105-й выбарчай акрузе ў горадзе Мінску. Скаргу ў акруговую выбарчую камісію, у адпаведнасці з заканадаўствам, палітык падаў яшчэ ў дзень галасавання.   Анатоль Лябедзька кажа, што галоўная прэтэнзія да таго, як на некаторых выбарчых участках камісіі падлічылі колькасць выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні:

"Вельмі моцна разыходзяцца паказчыкі, якія сабралі наглядальнікі ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускага Хельсінкскага камітэта і афіцыйныя дадзеныя, якія зафіксаваныя ў пратаколе".

Як паказвае досвед мінулых выбарчых кампаній, падобныя скаргі звычайна "адфутбольваюцца", а парушэнні "не знаходзяцца". Лябедзька не мае вялікай надзеі на тое, што генпракурор падтрымае яго пазіцыю, але хоча "прайсці да канца":

"У мяне няма абсалютна ніякіх ілюзіяў, таму што і пракуратура і, натуральна, акруговая камісія - гэта шурупы, вінцікі адной сістэмы. Але трэба прайсці шлях да канца, каб потым не выкарыстоўвалі ў прапагандысцкіх мэтах, што мы прынялі моўчкі тыя вынікі, якія былі зафіксаваныя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі