Макей — пра ЛГБТ-сцяг: Не навязвайце нам рэчы, якія ўстаяліся ў іншых краінах
На форуме "Мінскі дыялог" журналісты папрасілі міністра замежных спраў Уладзіміра Макея пракаментаваць нядаўнія заявы Міністэрства ўнутраных спраў.
Як вядома, 20 траўня МУС выступіла з заявай, у якой асудзіла вывешванне вясёлкавага сцяга сэксуальных меншасцяў на амбасадзе Вялікабрытаніі. Заява МУС атрымала шырокі розгалас у Беларусі і за мяжой.
"Звяртайцеся да МУС Беларусі", — адказаў Макей журналістам, якія прасілі адказаць, чаму МУС робіць замежнапалітычныя заявы замест МЗС.
Аднак кіраўнік дыпламатыі выказаў сваё прыватнае меркаванне: "Усялякі дзяржаўны, палітычны дзеяч, любая структура, робячы тыя ці іншыя заявы, павінна думаць пра наступствы ва ўсіх адносінах, больш шырокага маштабу".
Разам з тым Макей заклікаў "не навязваць" Беларусі рэчы, "непрымальныя для нашага мэнталітэту": "Я лічу, што, узаемадзейнічаючы з Еўрасаюзам ды іншымі дзяржавамі ў сферы правоў чалавека, мы мусім улічваць спецыфіку, менталітэт той ці іншай дзяржавы і народу. Рухацца і вырашаць пытанні заўжды трэба вельмі асцярожна. Ёсць шэраг рэчаў, якія абсалютна непрымальныя для нашага менталітэту, для нашай краіны. Гэта датычыць не толькі Беларусі і шэрагу іншых краінаў. Маё меркаванне — не трэба навязваць тыя ці іншыя рэчы, якія ўжо даўно ўстаяліся ў нейкіх краінах".