Мамам, якія вывозілі дзяцей у Крым, адмаўляюць у адраснай падтрымцы

У сталічных упраўленнях сацыяльнай падтрымкі задаволілі 80% заяў мінчан У асноўным па адрасную сацыяльную падтрымку звяртаюцца адзінокія маці, бо толькі яны са сваімі прыбыткамі могуць разлічваць на дадатковыя грошы. Як даведалася Еўрарадыё, не ўсе жадаючыя, якія прэтэндавалі на адрасную падтрымку, змаглі яе атрымаць. Па словах начальніка ўпраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкаму Наталлі Расолька, з 1.317 заяў задаволілі толькі 1.064.

Наталля Расолька: На 10 сакавіка ў органы сацыяльнай абароны звярнулася 1317 сям’яў і адзінокіх грамадзян, усяго 3 тысячы 223 чалавекі. Дапамога аказана 1 тысячы 64 сям’і і адзінокім грамадзянам, і там 2 тысячы 549 чалавек.

Ва ўпраўленні сацыяльнай падтрымкі Першамайскага раёна Еўрарадыё расказалі, што прычыны адмовы могуць быць самыя розныя: прыбытак на аднаго чалавека не павінен быць больш за 100% бюджэту пражытковага мінімуму (гэта 200 тысяч), сям’я не павінна здаваць за грошы гараж, кватэру, участак каля дома, калі ён ёсць. Наяўнасць у кватэры новай бытавой тэхнікі і старэнькай машыны ў сям’і прымусяць камісію задумацца, адкуль на гэта ўсё ўзяліся грошы, і адрасная падтрымка пры такім раскладзе ўжо не “свеціць”.

У Першамайскім раёне было некалькі выпадкаў адмовы ў адраснай падтрымцы. Адзін з іх – маці на 2,5 тыдні вывезла дзіця на адпачынак ва Украіну.

Супрацоўніца ўпраўлення: Маладыя маці вывозяць дзяцей ва Украіну на 2-3 тыдні на адпачынак, штампы стаяць. За якія сродкі мамы на дапамогу могуць сабраць грошы, каб вывезці дзіця? Яна атрымлівае 50% дапамогі, дзіця ходзіць у дзіцячы сад, а потым ездзіць на адпачынак. За якія грошы?


У выпадку, калі дзіця хворае і патрабуе лячэння ва Украіне, даказаць камісіі нешта будзе немагчыма: у законе напісана, што “выязны турызм” з’яўляецца прычынай адмовы ў адраснай падтрымцы.

Ва ўпраўленні сацыяльнай падтрымкі Партызанскага раёна сталіцы Еўрарадыё сказалі, што дапамогу атрымалі 52 сям’і і адной адмовілі, бо маці здавала кватэру. На астатнія пытанні начальнік упраўлення не захацеў адказваць, спаслаўшыся на тое, што не бачыць у гэтым сэнсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі