Міхаіл Грабоўскі не вызначыўся, ці адновіць кар'еру гульца
Беларускі хакеіст Міхаіл Грабоўскі не вызначыўся, завершаная яго гульнявая кар'ера ці яшчэ не. Пра гэта нападнік распавёў у эфіры праграмы "Авертайм" на тэлеканале "Беларусь 5".
У выніку страсення мозгу і наступстваў гэтай траўмы Грабоўскі не гуляў два гады.
"Не магу наўпрост сказаць, што завяршыў кар'еру. Але да гэтага часу сутыкаюся з праблемамі. Напэўна, будзе складана вярнуцца і гуляць. Таму хачу быць у хакеі, глядзець, назіраць... Трэба прыняць правільнае рашэнне, вызначыцца, што мне далей рабіць", — прызнаецца спартовец.
Ён дадаў, што гатовы дапамагаць беларускаму хакею, нават жывучы ў Канадзе. А вось вяртацца ў Беларусь Грабоўскі не наважваецца — кажа, што сям'я ў яго канадская. "Але нават калі б знаходзіўся ў Беларусі, не змог бы надаваць столькі ўвагі, колькі павінен надаваць трэнер. Сыну толькі 11 месяцаў, хочацца бавіць час з ім", — дадае хакеіст.