Мінэнерга абяцае рэалізаваць усе прапановы МАГАТЭ па выніках місіі на БелАЭС
Беларусь гатовая ўвасобіць у жыццё ўсе прапановы МАГАТЭ па выніках місіі SEED, якая працавала ў нашай краіне з 16 па 20 студзеня. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык.
"Хачу запэўніць, што Беларусь самым уважлівым чынам ставіцца да рэкамендацый місій МАГАТЭ, і мы пастараемся рэалізаваць усе прапановы па выніках місіі SEED, якая прайшла на гэтым тыдні", — цытуе interfax.by словы беларускага міністра.
Патупчык падзякаваў МАГАТЭ за аб'ектыўную ацэнку разгледжаных матэрыялаў. Ён падкрэсліў, што Беларусь разлічвае ў супрацы з МАГАТЭ ствараць "бяспечную, экалагічна чыстую і эканамічна эфектыўную галіну — атамную энергетыку".
Па выніках працы місіі ў Беларусі кіраўнік Дэпартамента па ядзернай бяспецы МАГАТЭ Гжэгаш Ржэнткоўскі заявіў, што афіцыйны Мінск пры праектаванні Беларускай АЭС улічыў усе магчымыя пагрозы.
Беларускі ўрад атрымае справаздачу місіі не пазней, чым праз 90 дзён. Улады ўжо заявілі, што гатовыя абнародаваць даклад у адкрытым доступе.