Мінфін: Крэдыт на будаўніцтва АЭС не створыць праблемаў для бюджэту
Міністэрства фінансаў не бачыць істотных праблемаў з вяртаннем крэдыту на будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Максім Ермаловіч, выступаючы на “Кастрычніцкім эканамічным форуме”, паведамляе БЕЛТА.
На думку міністра, крэдыты на праекты ў сферы энергетыкі ніколі не ціснулі на бюджэт краіны, бо на прадукцыю энергетычнага сектара заўсёды існуе ўстойлівы попыт. Так Ермаловіч адказаў на пытанне, што здарыцца, калі электраэнергія з БелАЭС раптам не будзе прадавацца за мяжу.
Цяпер пралічваюцца розныя варыянты, як будзе працаваць станцыя, якія тарыфы мусяць быць на ўнутраным рынку і ў якім аб’ёме электраэнергія можа прадавацца за мяжу. Гэтыя акалічнасці вызначаць магчымыя плацяжы па абслугоўванні і пагашэнні крэдыту. Таксама Максім Ермаловіч адзначае, што крэдыт залучаны на камфортных умовах, таму нельга казаць пра істотныя рызыкі.
АЭС у Астраўцы будуецца на расійскі крэдыт, памер якога дасягае 10 мільярдаў долараў. Гэтая сума пакрывае 90% выдаткаў на будаўніцтва. Яшчэ 10% аплочвае беларускі бок.
Першы блок АЭС павінны ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020.