Мінская ДАІ ўзмоцніць кантроль за кіроўцамі, якія размаўляюць па тэлефоне
Інспектары правядуць як рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні парушальнікаў, так і прафілактычныя акцыі ў працоўных калектывах.
Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя ўзмоцніць кантроль за кіроўцамі, якія падчас руху размаўляюць па мабільным тэлефоне, паведамляе ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Паводле інфармацыі Дзяржаўтаінспекцыі, толькі ў мінулым месяцы за гэтае парушэнне ў сталіцы было прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці прыблізна 400 кіроўцаў.
"Выкарыстанне мабільнага тэлефона падчас руху прыводзіць да няўважлівасці пры манеўраванні, назіраецца хаатычная манера руху, ігнараванне знакаў і дарожнай разметкі", — канстатуюць у ДАІ.
Інспектары правядуць як рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні парушальнікаў, так і прафілактычныя акцыі ў працоўных калектывах, паведамляе БелаПАН.
За парушэнне правілаў карыстання раыдё- і тэлефоннай сувяззю падчас руху на кіроўцу транспартнага сродку (за выключэннем кіроўцаў транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння) накладаецца штраф да дзвюх базавых велічынь, за паўторнае такое парушэнне на працягу года — ад дзвюх да васьмі базавых велічынь.
Фота: Shutterstock