Мінскіх графіцістаў вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе
Следчы камітэт заявіў, што фігуранты крымінальнай справы кампенсавалі нанесеную шкоду.
Следчы камітэт на сваім сайце паведаміў, што працягвае расследаванне крымінальнай "справы графіцістаў". Два чалавекі па гэтай справе праходзяць як падазроныя, яшчэ двум ужо выстаўленыя абвінавачанні ў злосным хуліганстве.
Па звестках следства, абвінавачаныя цалкам прызналі сваю віну, чыстасардэчна раскаяліся і цалкам кампенсавалі нанесеную шкоду. Адзін з падазраваных заявіў, што пашкодзіў білборды, бо пакрыўдзіўся на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Улічыўшы, што абвінавачаныя прызналіся, пакаяліся і кампенсавалі шкоду, а таксама тое, што яны не змогуць перашкодзіць далейшаму расследаванню, следства хадайнічала перад пракурорам пра змену меры стрымання. У выніку абвінавачаных вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Нагадаем, што 11 жніўня праваахоўнікі жорстка затрымалі пяцярых хлопцаў за беларускамоўныя графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя свядомасці". Таксама яны запэцкалі білборд з выявамі міліцыянтаў.
Праваабаронцы з "Вясны" тады запатрабавалі неадкладна вызваліць з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага. Яны заявілі, што гатовыя лічыць хлопцаў новымі палітвязнямі.
Ці насамрэч у Беларусі можна атрымаць “крыміналку” за графіці