Мінус Баранавічы: эксперты падлічылі, колькі беларусаў з'ехала ў ЕС за два гады

Людзі выбіраюць краіны больш камфортныя за Беларусь / Reuters
Людзі выбіраюць краіны больш камфортныя за Беларусь / Reuters

За 2021-2022 гады з Беларусі ў ЕС пераехала ад 143,6 тысячы да 170,9 тысячы чалавек. Ніжняя мяжа тых, хто з'ехаў, супастаўная з насельніцтвам Аршанскага раёна, а верхняя — з колькасцю жыхароў горада Баранавічы, восьмым па велічыні ў Беларусі.

Гэта вынікі даследавання BEROC "Міграцыя з Беларусі ў краіны ЕС у 2021 і 2022 гадах". Эксперты рабілі разлікі на падставе звестак Еўрастата, статыстыкі выдадзеных віз, відаў на жыхарства, звестак пра дадатковую абарону і выплачаныя беларусамі падаткі.

 

Міграцыя беларусаў вырасла ў разы

Минус Барановичи: эксперты узнали, сколько белорусов переехало в ЕС за два года
Архіўны здымак Бараноўскага вакзала з надпісам па-польску "Баранавічы-Палескія". Менавіта ў Польшчу цяпер з'язджае больш за ўсё беларусаў / 1871.by

Часцей за ўсё беларусы пераязджаюць у Польшчу. На пачатак 2023 года там пражывала 65 тысяч грамадзян Беларусі, якія мелі права пастаянна знаходзіцца ў Польшчы. У 2022 годзе амаль 70 тысяч чалавек падалі заявы на атрыманне такога статусу. З іх 41,5 тысячы атрымалі рашэнні, але яшчэ не дакументы пра набыццё статусу пра пастаяннае знаходжанне. Агулам больш за 100 тысяч чалавек на пачатак 2023 года маглі пастаянна жыць у Польшчы. На канец 2020 года такіх беларусаў было менш чым  45 тысяч.

На другім месцы — Літва. Паводле звестак Міграцыйнага камітэта Літвы, на пачатак 2023 года там жыло 48,8 тысячы беларусаў. Гэта амаль на 17,8 тысячы больш, чым год таму. Аднак сярод іх могуць быць і тыя, хто прыехаў, напрыклад, на некалькі месяцаў па працы.

Рост колькасці мігрантаў з Беларусі ў Літву ў 2021-2023 гадах можна ацаніць у калідоры паміж гадавым прыростам беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі краіны, і колькасцю заявак на ВНЖ, то-бок ад 25,4 да 37,9 тысячы чалавек, — гаворыцца ў даследаванні.

Агульная колькасць тых, хто з'ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, яшчэ вышэйшая. Бо беларусы пераязджалі таксама ў Грузію, Узбекістан, іншыя краіны СНД, а таксама азіяцкія дзяржавы, Паўночную і Лацінскую Амерыку.

 

"Узнікае дэфіцыт людзей"

Для эканомікі Беларусі гэта азначае сумныя вынікі, расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анастасія Лузгіна:

На працэс міграцыі накладаецца яшчэ і кепская дэмаграфічная сітуацыя, то-бок нізкая нараджальнасць. Гэта ўжо прыводзіць да негатыўных наступстваў, мы бачым, што рынак працы звужаецца. У нас скарачаюцца працоўныя рэсурсы, колькасць занятых. Беспрацоўе застаецца нізкім, гэта значыць проста людзей няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі