Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел: Незадаволеныя ўладай мусяць змяніцца самі

Новы мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел мае бездакорную рэпутацыю. Добрая адукацыя, праца ў Аддзеле знешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату, місіі ў Іерусаліме, ЗША, Аўстрыі… Еўрарадыё спрабуе зразумець, што за чалавек пастаўлены на чале Беларускай праваслаўнай царквы, па яго справах і выказваннях.

“Што гэта, як не чартоўскі супраціў?”

У 2003 годзе Павел (Панамароў) вяртаецца з Аўстрыі ў Расію і атрымлівае кафедру архіепіскапа Разанскага і Касімаўскага. Яго папярэднік — мітрапаліт Сімон (Новікаў) — таксама, як і Філарэт, прысвяціў епархіі больш за 30 гадоў і адправіўся “на супакой” па рашэнні Свяшчэннага Сінода РПЦ. Новы архіепіскап пачынае актыўна вырашаць “кватэрнае пытанне” за кошт гарадскіх музеяў.

Епархія агучвае планы па вяртанні будынкаў Разанскага крамля. Мэрыя ідзе на кампраміс з Царквой, і ў 2006 годзе музей пазбаўляюць першых пяці памяшканняў. Утвараецца Грамадскі камітэт абароны музея-запаведніка “Разанскі крэмль”, актывісты якога называюць захоп памяшканняў "царкоўным рэйдарствам". Неўзабаве пазбаўляюцца пасадаў дырэктар музея Людміла Максімава і яе намесніца Ірына Кусава — актыўная сяброўка камітэта.

Архіепіскап Павел абурэнне актывістаў камітэта называе “чартоўскім супрацівам”: “Гэта самазваная, нідзе не зарэгістраваная незразумелая арганізацыя, якая складаецца з 10 душэўнахворых чалавек. Яны выступаюць катэгарычна супраць любых спробаў перадачы Царкве яе маёмасці. Што тут скажаш? Гэта проста хворыя людзі”.

Цікавае супадзенне. У пачатку 2008 года пра “каварныя намеры” уладыкі Паўла захапіць памяшканне музея гісторыі паветрана-дэсантных войскаў распавядае яго дырэктар Сцяпан Таненя. Музей месціцца ў будынку былой семінарыі, таму прэтэнзіі Царквы на яго выглядаюць цалкам зразумелымі.

Але епархія спяшаецца назваць заявы Танені дэзінфармацыяй і “спробамі недобрасумленных музейных супрацоўнікаў нанесці ўдар па епархіі і стварыць з Царквы вобраз ворага”. “Усё гэта выдумка. Ніякага ліста міністру абароны я не пісаў, у мяне нават думак такіх не было”,каментуе архіепіскап Павел.

Ці можна малітвай вылечыць грып? “Для веруючага ўсё магчыма”

Уладыка Павел — чалавек даволі адкрыты і публічны. На разанскім тэлебачанні ён меў паўгадзінную праграму, у якой адказваў на пытанні вядучага і гледачоў.

“А вы паглядзіце, як яны ходзяць па вуліцы. Яны ж сваімі кароткімі спадніцамі і аголенымі дэкальтэ самі распальваюць жарсці ў супрацьлеглага полу, — адказвае Павел на пытанне пра распусту ў норавах сучасных людзей. — А колькі ў нас сапсаваных, колькі маньякаў! А пасля кажуць, што іх згвалцілі… Самі гэтаму спрыяюць”.

Мітрапаліт шмат разважае пра моцных і слабых людзей, пра веру. Напрыклад, вось як ён адказвае на пытанне, ці можа малітва вылечыць ад грыпу:

“Вось калі ў нас у каго-небудзь сапраўды ёсць такая вера, што мы кажам: “Божа, дапамажы!” — і Бог дапамагае. Для веруючага ўсё магчыма”.

Што праўда, пасля Павел усё ж шкадуе веруючых і дадае: Гасподзь мае літасць і тым, хто не мае такой моцнай веры, усё ж можна звяртацца да лекараў.

Пра ўладу і незадаволеных уладай: “Трэба самому народу змяніцца”

Уладыка Павел кіруе Разанскай мітраполіяй 10 гадоў і заўжды лёгка знаходзіць паразуменне з уладамі. Усім жа, хто мае нейкія прэтэнзіі да чыноўнікаў, святар раіць… ператвараць сябе:

“Нездарма існуе прымаўка: “Народ заслугоўвае сваёй улады”. Калі вы хочаце, каб у нас была ўлада годная, добрая — трэба самому народу змяніцца. Менавіта таму царква заклікае ператвараць свой асабісты, унутраны стан”.

Мітрапаліт катэгарычна перасцерагае людзей ад вулічных пратэстаў. У дні Майдана гэтая цытата з інтэрв’ю 2011 года выглядае вельмі дарэчы:

“Тое, што адбываецца і ў нас у Расіі: сходы, пратэстоўцы — вы ведаеце, у мяне таксама выклікаюць пачуццё смутку. І я думаю, што ўсё гэта не без удзелу заходніх спецслужбаў”.

На думку мітрапаліта, гэтым самым спецслужбам трэба вельмі добра падумаць перад тым, як звязвацца з рускімі людзьмі. Бо ў рускіх, па-першае, ёсць зброя масавага знішчэння, а па-другое, ім няма чаго губляць:

“Трэба сказаць, што ў адрозненне ад амерыканцаў, для большасці рускіх людзей жыццё, як кажуць у народзе, не каштуе і ламанай капейкі. Будуць нас дапякаць у адчайным стане, калі наш народ будуць заганяць у кут — нам нічога не застанецца, як толькі адкрыць “чарнобыльскі кранік”. І ў гэтым выпадку будуць пакутаваць усе”.

Тым часам у свежым даследаванні цэнтра Economist Intelligence Unit Беларусь трапіла ў лік краін з вялікай рызыкай узнікнення сацыяльных хваляванняў у 2014 годзе. Таму мітрапаліт Мінскі і Слуцкі з цвёрдай пазіцыяй наконт вулічных выступленняў як нельга да месца.

Фота: www.bogoslov.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі