Лукашэнка з мітрапалітам паедзе ў Жыровічы

Мітрапаліт Веніямін і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам паедзе ў Жыровічы (Слонімскі раён Гродзенскай вобласці). Візіт запланаваны на канец вясны. Пра гэта стала вядома ў аўторак па выніках іх сустрэчы.
Лукашэнка не адмаўляецца ад плана "стварэння пэўных цэнтраў нашых рэлігій", агучанага ў лютым на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій Беларусі. Тады ён прапанаваў стварыць "цэнтры прыцягнення" для кожнай канфесіі, а для гэтага выбраць "найважнейшы храм". Аляксандр Лукашэнка падказаў, што ў праваслаўных гэта могуць быць Жыровічы, дзе ў манастыры "праводзілася сур'ёзная рэканструкцыя".
Відаць, мітрапаліт Веніямін яшчэ не выбраў "цэнтр", бо 25 лютага гаварыў Лукашэнку, што праваслаўныя ў РБ маюць "два такія цэнтры" — Жыровічы і Полацк. Аляксандр Лукашэнка настойвае, што такі цэнтр мусіць быць адзін. І ўжо зрабіў выбар (невыпадкова там працяглы час ідзе рэканструкцыя, укладаюцца значныя сродкі, прыязджаюць "кантралёры", у тым ліку Наталля Качанава).
"Мы з вамі па вясне, калі прырода ўжо будзе пахнуць і расквітаць, пабываем у Жыровічах, паглядзім, што там трэба яшчэ зрабіць, каб гэта было годна, — цытуе яго словы прэс-служба. — ...Годна павінна быць у Жыровічах. Каб паглядзелі і іншыя, як трэба рабіць і што мы хочам зрабіць".
Угодкі з'яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці традыцыйна адзначаюцца 20 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.