"Мой цуд" і 70 тысяч гумовых качак: толькі добрыя навіны
Лыжка мёду на Еўрарадыё
У Чыкага прайшоў дабрачынны заплыў сямідзесяці тысяч гумовых качак, а ў Фінляндыі рыхтуюцца да чэмпіянату свету па абдыманні дрэў. Мужчына знайшоў у Фэйсбуку скрадзены пярсцёнак свайго бацькі, а нью-ёркскі мадэльер выпусціў сумку ў выглядзе пачкі макароны!
Пра гэта і не толькі — у аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Абдымаем дрэвы!
У жніўні ў Фінляндыі пройдзе чэмпіянат свету па абдыманні дрэў. Яго арганізуюць ужо другі год запар. Першы этап будзе вочным. Праз каранавірусныя абмежаванні ўдзельнічаць у ім змогуць толькі мясцовыя жыхары.
За восем хвілін ім трэба абняць як мага больш дрэў. Кожнае — не менш за пяць секунд. Журы таксама ацэніць, наколькі крэатыўна канкурсанты падыдуць да задання.
Тым, хто не зможа прыехаць, арганізатары прапануюць зрабіць фота ці відэа з абнятымі дрэвамі. Матэрыялы трэба адправіць да 28 жніўня журы або апублікаваць у Instagram з хэштэгамі #TreeHugging2021 і #HaliPuu. Удзельнікі афлайн-этапу павінныя ўказаць каардынаты дрэў і расказаць, чаму яны выбралі менавіта іх.
Пераможцу афлайн-чэмпіянату паклічуць у Фінляндыю для ўдзелу ў вочных спаборніцтвах у 2022 годзе.
“Мой цуд”
Джым О'Браен з амерыканскага горада Уорык гартаў стужку ў Фэйсбуку і раптам знайшоў скрадзены 20 гадоў таму пярсцёнак свайго бацькі. Аказалася, што яго сцягнуў адзін з яго знаёмых, які калісьці прыйшоў да яго ў госці.
Джым убачыў пярсцёнак на фота ў суполцы жыхароў горада і звязаўся з аўтарам публікацыі. Жанчына расказала, што нядаўна пераехала ў новы дом і знайшла ўпрыгожанне ў адной з шафаў.
Атрымаўшы пярсцёнак назад, ён не паверыў сваім вачам. "Я доўгі час адчуваў сябе вінаватым праз тое, што здарылася з гэтым пярсцёнкам. Я проста шчаслівы, што ён вярнуўся да бацькі", — прызнаўся Джым.
“Локшына” на плечы
Нью-ёркскі мадэльер выпусціў сумку з незвычайным дызайнам у выглядзе прамавугольнай сіняй пачкі пасты Barilla. Дызайнер Нік Бентэль кажа, што праект распрацаваны без удзелу вядомай італьянскай кампаніі — вытворцы макароны, і ён не мае з ёй ніякіх фінансавых дамоўленасцяў. Усяго ў продаж паступіць 100 сумак. Цана вырабу складзе 159 долараў.
"Казалі, што ідэальнага дызайну не існуе", "Соус ідзе ў камплекце", "Мая трохгадовая дачка будзе ў захапленні ад такога аксэсуара", "Забярыце мае грошы. Я буду рэкламаваць вас цэлы год", — жартуюць з вынаходкі карыстальнікі Twitter.
70 тысяч гумовых качак
У Чыкага прайшоў дабрачынны заплыў, падчас якога ў раку скінулі некалькі дзясяткаў тысяч гумовых качак.
Акцыю арганізавала некамерцыйная дабрачынная арганізацыя Special Olympics Illinois, якая праводзіць спаборніцтвы для людзей з інваліднасцю.
Узяць удзел мог кожны ахвочы.
Для гэтага трэба было набыць качку за пяць долараў. Скінутыя з моста цацкі даплылі да фінішу праз пластыкавы тунэль з дапамогай берагавой аховы.
Са слоў арганізатараў, агулам было прададзена 70 тысяч качак і сабрана звыш 310 тысяч даляраў. Грошы перададуць на дабрачыннасць.
На сто працэнтаў эфектыўная вакцына ад COVID-19
Падчас трэцяй фазы клінічных выпрабаванняў кубінская вакцына ад каранавіруса Abdala паказала стопрацэнтную эфектыўнасць супраць цяжкіх формаў захворвання і смяротнага выніку.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра геннай інжынерыі і біятэхналогіі Марта Аяла кажа, што цяпер фокус-групу даследавання эфектыўнасці вакцыны збіраюцца павялічыць да 300 тысяч чалавек.
Медыцынскія ўлады Кубы раней ужо дазволілі экстраннае прымяненне вакцыны Abdala. Гэта здарылася пасля абвяшчэння эфектыўнасці прэпарата супраць сімптаматычнага цячэння каранавіруса на 92,28%.
Abdala — трохкампанентны прэпарат. Тым, хто вакцынуецца, прапануюць зрабіць уколы праз 14 і 28 дзён пасля першай прышчэпкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.