На Брэстчыне найбольш затрымліваюць заробкі ў калгасах
А выпраўляюць парушэнні найперш на паперы.
Па выніках праверкі дзейнасці за два месяцы гэтага года Камітэт дзяржкантролю аштрафаваў за парушэнні заканадаўства аб працы 16 службовых і 16 юрыдычных асобаў на 30 мільёнаў 600 тысяч рублёў. Гэта амаль палова ад ліку тых, хто зведаў санкцыі за ўвесь мінулы год, піша газета “Савецкае Палессе”.
Летась за парушэнні заканадаўства аб працы былі аштрафаваныя 44 службовыя і 44 юрыдычныя асобы. Яны мусілі сплаціць штрафаў на суму 77 мільёнаў 400 тысяч рублёў.
Па звестках КДК, летась з 34 арганізацый, якія мелі запазычанасці па заробках, 31 належала да аграпрамысловага комплексу. Усе арганізацыі-парушальнікі завінаваціліся больш як шасці тысячам работнікаў 18 мільярдаў рублёў. На паперы да Новага года амаль усё выправілі. Але сёлета непрадастаўленне або скажэнне статыстыкі аб выплаце заробкаў выяўленае ва ўсіх 9 сельгаспрадпрыемствах Кобрынскага раёна, дзе прайшла праверка. Матэрыялы адпраўленыя ў праваахоўныя органы.
Таксама не пералічваюцца грошы ў Фонд сацабароны. За мінулы год пратэрмінаваная запазычанасць па пералічэннях у Фонд павялічылася ў 10 разоў. Колькасць прадпрыемстваў, якія маюць запазычанасць па такіх плацяжах, вырасла амаль у чатыры разы — з 39 да 144.
Фота — multi-fokus.ru