На мяжы Літвы і РБ з'явіўся банер з патрабаваннем паказаць Мікалая Статкевіча
На літоўска-беларускай мяжы
На мяжы Літвы і Беларусі з'явіўся вялізны банер з патрабаваннем паказаць Мікалая Статкевіча, паведамляе "Белсат". Звестак пра палітвязня няма ўжо больш за год. Апошні ліст ад мужа Марына Адамовіч атрымала 9 лютага 2023 года.
Міжнародную кампанію "Пакажыце Статкевіча!" ў пачатку лютага арганізавалі родныя і знаёмыя палітыка. Да Мікалая Статкевіча не пускаюць адваката, ад яго і да яго не даходзяць лісты, перададзеныя лекі вяртаюць, тэлефанаванні і пераводы забароненыя.
Мікалаю Статкевічу 67 гадоў. Ён — падпалкоўнік запасу, былы кіраўнік Беларускага згуртавання вайскоўцаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Статкевіча затрымалі 31 траўня 2020-га, ад таго часу ён за кратамі. У снежні 2021-га яго асудзілі на 14 гадоў зняволення за "арганізацыю масавых беспарадкаў" (праходзіў па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім). З чэрвеня 2022 года знаходзіцца ў калоніі № 13 у Глыбокім у вельмі цяжкіх умовах: яго трымаюць то ў адзіночнай камеры ПКТ, то ў камеры ШІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.