На рэпетыцыю ЦЭ запісалася больш за 55 тысяч адзінаццацікласнікаў

Цэнтралізаваны экзамен

Цэнтралізаваны экзамен / protutor.by

На рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ), якая пройдзе 27 студзеня, зарэгістраваліся 55,2 тысячы адзінаццацікласнікаў. Як заяўляе дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, гэта не канчатковая лічба.

"Традыцыйна больш за ўсё школьнікаў, як і на саміх іспытах, зарэгістраваліся для праходжання іспыту па рускай мове, а другім месцы — матэматыка, на трэцім — біялогія", — перадае словы Міксюка прэс-служба Мінадукацыі.

Чыноўнік дадае, што тэставыя заданні павінны адпавядаць школьнай праграме. На рэпетыцыі ЦЭ, кажа ён, будуць заданні той жа ступені складанасці, што і на самім цэнтралізаваным экзамене.

"Ацэнка вынікаў будзе праводзіцца ўжо па вядомых і апублікаваных табліцах. Ніякіх нечаканасцяў для дзяцей не будзе", — заяўляе Міксюк.

У 2023 годзе з падлікам балаў на цэнтралізаваным экзамене ўзнік скандал. Вучні і іх бацькі абураліся няправільным, на іх думку, падлікам. Мінадукацыі заяўляла, што ніякага перападліку не будзе, але памяняла сваю пазіцыю пасля ўмяшання Лукашэнкі. Пасля гэтага была створаная камісія, якая правярала вынікі ЦЭ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі