Naka прэзентавала альбом "Пора"

Каля 350 чалавек наведалі "Рэактар" 29-га студзеня: менавіта ў гэты дзень гурт Naka презентаваў свой другі па ліку паўнафарматны альбом "Пора". За атмасферай, якая панавала на канцэрце, можна паназіраць у нашым фотарэпартажы!






З самага ранку фронтвумэнша гурта Насця Шпакоўская знаходзілася ў "Рэактары" і шчыльна кантралявала працэс падрыхтоўкі да прэзентацыі: працу са святлом, гукам, экранам.

"Я нават усе светлавыя пераходы зрабіла сама!" — распавядае Насця Шпакоўская. — "Давялося займацца тымі тэхнічнымі справамі, якімі ніколі не займалася раней, а толькі назірала, не прымаючы ўдзелу.."




І сапраўды, дзякуючы якаснай падрыхтоўке канцэрт перасягнуў усе асабіста мае чаканні.Па-першае, Naka парадавала выдатным гукам: кожная нота гучала якасна, выразна і пранізліва. Па-другое, святло — акцэнты ў патрэбных месцах складалі пэўную атмасферу і ўзмацнялі відэашэраг, які быў спецыяльна падрыхтаваны для прэзентацыі на двух экранах каля сцэны.





Ідэю для відэаінсталяцыі Насця Шпакоўская знайшла ў Нью-Йоркскім Музеі сучаснага мастацтва.

"Вяртаючыся да размовы пра плагіят, ці пра тое, што яшчэ скраў гурт Naka, акрамя песень.." — смяецца Насця. — "Падчас маёй вандроўкі ў ЗША я ўбачыла скрыншот пра чарнільную кляксу і шпацыруючага чалавечка. У амерыканскім сюжэце выкарыстоўвалася іншая гісторыя, але мне вельмі спадабаўся сам прыём".

Гэту ідэю ператварыў у жыццё мастак Даніла Рыбкін: узяўшы за аснову "чарнільныя стыхіі", ён прыдумаў новых персанажаў і склаў сваю кампазіцыю.






Увогуле галоўнае, канешне, не знешнія абставіны, а сам выступ: у кожны свой выхад на сцэну Насця выкладаецца нібыта ён апошні, балансуе паміж нахабнаватай дзёрзкасцю, шалёнай нястрыманасцю, цнатлівай прыгажосцю і яскравай рок-н-рольнай сэксуальнасцю. Яе самааддача ўражвае — спявачка нібыта ўзрываецца на сцэне. Здаецца, энэргіі ў ёй болей, чым ва ўсіх астатніх удзельніках гурта разам узятых.





Той жа шалёнай энэргетыкай Nake адказваюць яе фанаты. У гурта няхай яшчэ нешматлікі, але даволі моцны, шчыры і падкаваны фан-клуб: нягледзячы на тое, што кампазіцый гурта Naka амаль няма ў ратацыях радыёстанцый, у залі горача падпявалі новыя песні, танчылі, а некаторыя нават падрыхтавалі паветраныя шары з назвай любімага гурта.


"Я ўпершыню на канцэрце Naki, да гэтага чула толькі запісы." — распавядае дзяўчына на танцпляцы. — "Прыехала ў "Рэактар" загадзя, але ўсе цэнтральныя месцы ўжо былі занятыя... Па шчырасці, я і не ўяўляла, што Насця такая класная".




"А мы слухаем Насцю даўно, мабыць, ад пачатку". — дзеліцца ўражаннямі пара побач. — "Ад песні да песні ўсё больш і больш эмоцый, кожная кампазіцыя перажыта і выпакутавана гуртом нанова".





Завяршылася прэзентацыя аднымі з самых вядомых песень новага альбома — "Беги" і "Пора", пасля якіх фанаты яшчэ тры разы выклікалі Naku "на біс".

"Мне падаецца, што каб я сама так жорстка не сказала, что мы кланяцца больш не будзем, можа і яшчэ быў бы працяг". — кажа Насця Шпакоўская. — "Але гэта насамрэч выдатна. Дзякуй Богу, вельмі прыемна бачыць, што на канцэрт прыйшлі людзі і ў такой колькасці..."
















Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі