Наведнікі Гродзенскага заапарка закармілі зебру да смерці
Ветэрынары тры дні змагаліся за жыццё жывёлы, але марна.
Самцу зебры стала дрэнна ў нядзелю, калі ў заапарку традыцыйна шмат людзей. Наведвальнікі перакармілі жывёлу. У зебры па мянушцы Бобі раздуўся жывот, яна стала адмаўляцца ад ежы, а стан жывёлы пагаршаўся з кожнай гадзінай.
Маладых зебр ў Гродзенскі заапарк прывезлі з Венгрыі летам мінулага года. Яны нарадзіліся ў заапарку венгерскага горада Нірэдзхаза. Жывёлы адразу сталі ўлюбёнцамі наведвальнікаў гродзенскага звярынца. І хоць на клетках вісяць вялікія таблічкі аб тым, што жывёл карміць нельга, гэтым правілам грэбуюць. Гродзенцы спрабуюць пачаставаць звяроў булачкамі, цукеркамі, гароднінай і садавінай, паведамляе гродзенскі блог s13.