Навошта каралеўскі двор апублікаваў адфаташоплены здымак Кейт Мідлтан
Кейт Мідлтан з дзецьмі
Каралеўская сям’я Вялікабрытаніі трапіла ў чарговы публічны скандал. Прынцэса Уэльская Кейт Мідлтан пасля працяглай хваробы выклала першае фота ў коле сваіх дзяцей. Здымак, які мусіў спыніць плёткі пра здароўе маладой герцагіні, толькі ўзмацніў канспіралагічную тэорыю, што Віндзары хаваюць праўду ад грамадскасці.
Еўрарадыё паразмаўляла з беларускімі піяршчыкамі пра тое, навошта каралеўскі двор вырашыў скарыстацца фотарэтушшу і якія наступствы яго цяпер чакаюць.
Відавочны фотамантаж
Пару дзён таму ў сацсетках Кенсінгтанскага палаца з'явіўся здымак, прымеркаваны да Дня маці. Яго зрабіў прынц Уільям на мінулым тыдні ў Віндзары. На фота яго жонка Кейт Мідлтан абдымае дзяцей: прынцэсу Шарлоту і прынца Луі. А старэйшы сын, прынц Джордж, абдымае маці, якая сядзіць у крэсле, за шыю.
Так сталася, што гэтае мілае сямейнае фота стала першым афіцыйным здымкам прынцэсы Уэльскай пасля студзеньскай аперацыі. Яно мусіла спыніць плёткі пра стан здароўя Кейт, але выклікала зваротны эфект.
Буйныя міжнародныя фотаагенцтвы знайшлі відавочныя сляды фотарэтушы і пачалі выдаляць апублікаваны фотаздымак з уласных фотабанкаў. “Пры бліжэйшым разглядзе бачна, што крыніца маніпулявала выявай", — паведаміла агенцтва Associated Press. Агенцтва AFP канкрэтызавала заўвагі.
Так, на здымку рукаў і запясце прынцэсы Шарлоты часткова адсутнічаюць, у Кейт на пальцы няма заручальнага пярсцёнка. Таксама заўважылі, што прынц Луі дзіўным чынам скрыжаваў пальцы, нібы над гэтым папрацавала нейрасетка.
“Трэба разумець, у якім становішчы цяпер знаходзяцца брытанская манархія і брытанскае грамадства. На гэты момант працэнт раялістаў падае. Нацыя страціла важны сімвал — каралеву, але яшчэ не прывыкла да караля Карла.
Дадайце да гэтага наступствы брэксіту, сусветны палітычны крызіс і змену лідараў на энергетычных рынках — грамадства праходзіць праз вострае грамадска-палітычнае выпрабаванне. Як у "Гамлеце" — "свет вывіхнуў сустаў", — кажа Еўрарадыё Ганна Мірочнік, экспертка па кіраванні рэпутацыяй. — У такія часы электарату патрэбныя сімвалы стабільнасці, адным з якіх доўгі час была манархія.
Аднак каралеўская сям'я ўжо некалькі гадоў зазнае скандалы і трагедыі. Усё гэта падрывае давер да манархіі і псуе яе рэпутацыю (у тым ліку сярод падаткаплатнікаў, не ўсе з якіх лічаць прымальным фінансаванне манархіі)”.
"Цяпер Кейт займае мудрую пазіцыю і гуляе ў рэпутацыйную стратэгію “я такая ж, як і вы”. Вы перабіраеце з фільтрамі — і я. Вы хочаце здавацца прыгажэйшымі і здаравейшымі — і я. Плюс, калі, як у Карла, гаворка пра сур'ёзнае захворванне, відаць, будзе запушчаны наратыў пра здароўе і беражлівае да яго стаўленне”, — мяркуе Мірочнік.
Іншы эксперт, які захацеў застацца ананімным, выказаў сумнеў, што рэтуш фота была выпадковай.
“Мне ўяўляецца вельмі малаімаверным варыянт "выпадковай памылкі". Там так справы не робяцца: некалькі прыступак праходзіць кожная публікацыя. І такую лухту падстрэлілі б на падлёце, калі наогул дапусціць, што яна камусьці прыйшла ў галаву.
Магчыма, мы бачым кіраванае ссоўванне фокусу з нейкіх рэчаў, якія ў гэтыя дні хацелася б падсвятляць менш”, — лічыць суразмоўца.
Цяпер гісторыя выглядае так, што Кейт любяць, за Кейт хвалююцца, Кейт жадаюць паправіцца. Нацыя ўцягнутая ў справы сям'і, а не, скажам, выхадкі Гары і Меган ці здароўе Карла.
“То-бок гэта не "памылка", але і не частка нейкай вялікай стратэгіі і драматургіі — проста сітуацыйнае тактычнае дзеянне, піярчык, — упэўнівае піяр-спецыяліст. — Я не прыхільнік тэорыі змовы і нейкіх лялькаводаў, проста часам людзі выбіраюць невідавочныя камунікацыйныя крокі. Не каб "маніпуляваць грамадскай думкай", а каб "паглядзець на рэакцыю", ці ад чагосьці адцягнуць, ці злёгку павысіць градус інтрыгі. Бачу, што тыдзень будзе што абмеркаваць на лонданскіх кухнях”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.