Не спарынг-партнёр і не спойлер: Канапацкая пра сваю прэзідэнцкую кампанію
Прэс-канферэнцыя Ганны Канапацкай у "Прэзідэнт-гатэлі" / Еўрарадыё
Чырвоная сукенка з нечакана сціплым выразам рэзка вылучаецца на фоне шэра-белай сцяны. Ганна Канапацкая сядзіць пасярод стала, сціснуўшы далоні ў замак. Амаль трыццаць журналістаў, пасеўшы на бяспечнай адлегласці адно ад аднаго, глядзяць на яе. Пяць-шэсць чалавек у масках, астатнія — адважныя.
Прэс-канферэнцыя, на якой экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў абвяшчае пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, праходзіць на апошнім паверсе гасцініцы "Прэзідэнт", недалёка ад Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Сімвалічна, не знаходзіце?
Першым кажа кіраўнік штаба патэнцыйнай кандыдаткі — Ігар Лялькоў, былы намеснік старшыні Партыі БНФ, а цяпер старшыня міжнароднай камісіі руху салідарнасці "Разам": “Гэтая прэс-канферэнцыя прысвечаная яе палітычнай кампаніі ў кантэксце апошніх падзей ў краіне і ўсім вядомай падзеі, прызначынай на 9 жніўня”.
"Выбары" — слова, якое недарэчна нават прамаўляць.
Кандыдатка да запатрабавання
На стойцы рэгістрацыі раздаюць тэчкі з прамовай Ганны Канапацкай і яе праграмнай заявай. На адным баку надпіс: "Ганна Канапацкая. Кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". А яшчэ ўнутры нататнік і асадка.
За апошнія месяцы праблемы, якія даўно існуюць у беларускім грамадстве, абвастрыліся, лічыць Канапацкая: "Гэта няздольнасць дзяржавы абараніць сваіх грамадзян і забяспечыць упэўненасць у будучыні. Не кажучы ўжо пра сацыяльныя гарантыі, магчымасці атрымліваць своечасовую дапамогу і інфармацыю. І як вынік такой палітыкі — поўны крызіс даверу да ўлады з боку беларусаў, асабліва ў рэгіёнах".
"Я не хачу быць назіральніцай за гэтымі дэструктыўнымі працэсамі, я хачу ўплываць на працэсы і рэфармаваць іх. Я працягваю сваю палітычную кампанію, — быццам бы пацвярджае свой удзел у перадвыбарнай гонцы Ганна Канапацкая. — Фармірую ініцыятыўную групу і ажыццяўляю рэгістрацыю. Безумоўна я запрашаю ўсіх зацікаўленых далучыцца да маёй каманды".
Фармат кампаніі плануецца карэктаваць у залежнасці ад сітуацыі ў краіне. Палітык ні разу не кажа наўпрост, што будзе працягваць кампанію да самага дня галасавання. Некалькі разоў падчас прэс-канферэнцыі Канапацкая і Лялькоў кажуць, што гэта яшчэ не вырашана:
"Пытанне аб удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах будзе вырашацца мною пасля атрымання ўсіх неабходных дакументаў і адказаў на пастаўленыя пытанні", — тлумачыць патэнцыйная кандыдатка.
А канкурэнты ёсць?
Намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах выказалі ўжо больш за дзесяць чалавек. Тут і класічныя ноўнэймы, і ветэраны палітычнага партэра. Але амаль усе без зубоў — адным выбілі, а нехта і вырас без іх. Праўда, ёсць і сур'ёзныя фігуры, накшталт былога кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалы або (з 12 сакавіка экс-)кіраўніка праўлення Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі.
Але нават іх Ганна не бачыць у якасці канкурэнтаў і супернікаў:
"А калі мы будзем казаць пра тых палітыкаў, чые погляды мне блізкія, дык магу сказаць, што, на жаль, апошнія падзеі паказалі іх неэфектыўнасць ў барацьбе з тымі выклікамі, з якімі сутыкаецца грамадства. Вельмі лёгка прамаўляць лозунгі і вельмі складана нешта рабіць".
Да стала прымацаваны банер "Ганна Канапацкая. Я зраблю!" — які адлюстроўвае асноўную мэту патэнцыйнай кандыдаткі. Колеры выбарчай кампаніі — белы і чырвоны. Усюды выкарыстоўваецца беларускі арнамент "Чысціня".
Не спойлер і не спарынг-партнёр
Акрамя будучай кандыдаткі і Ігара Лялькова, за сталом сядзіць Дар'я Трухановіч — сястра Ганны і кіраўнік яе ініцыятыўнай групы, і бізнесмэн Вадзім Чарнышоў. Яны абодва будуць маўчаць на працягу ўсёй афіцыйнай часткі прэс-канферэнцыі — ім папросту не зададуць ніводнага пытання.
Яшчэ ў часы дэпутацтва пра Канапацкую казалі як пра фігуру, зручную ўладам. Яна і праўда часам давала падставы так думаць — напрыклад, задаючы амбасадару Расіі Міхаілу Бабічу вельмі патрэбнае і своечасовае пытанне пра кошт Беларускай АЭС ці ўносячы ў парламент закон аб гарантыях для экс-прэзідэнта Беларусі. Але палітык лічыць, што сваёй актыўнасцю ў Палаце прадстаўнікоў яна даказала, што не з'яўляецца ні спарынг-партнёрам, ні спойлерам.
Прэс-канферэнцыя цягнецца нядоўга, менш за 25 хвілін. Пытанні задаюцца ляніва і як бы неахвотна. У большасці прысутных і зусім няма ніякіх пытанняў да Ганны і яе кампаніі. Усё заканчваецца абяцаным фуршэтам са спіртным, канапкамі і садавінай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.