Нехта дабіваецца выдалення артыкула Еўрарадыё пра экс-кіраўніка Офіса ААН у РБ
"Добразычліўцы" Санакі Самарасінхі выкарыстоўваюць незвычайны спосаб ціску
Невядомыя спрабуюць дабіцца ад рэдакцыі Еўрарадыё выдалення нашумелага артыкула "Не хапае сексу": беларуска расказала, што каардынатар ААН чапляўся і да яе". Гаворка ў тэксце ідзе пра экс-кіраўніка Офіса арганізацыі ў Беларусі Санаку Самарасінху, якога абвінавачваюць у харасменце.
"Добразычліўцы" Самарасінхі выкарыстоўваюць незвычайны спосаб ціску. Яны ствараюць копіі перакладу артыкула на англійскую мову і кідаюць страйкі на Еўрарадыё, абвінавачваючы нас у плагіяце.
Першыя такія копіі з'явіліся на сайце блогаў Tumblr. Ён дазваляе рэдагаваць дату публікацыі, таму тэкст прадставілі выстаўленым раней, чым на Еўрарадыё. Потым "аўтар" публікацыі дасылаў скаргі на парушэнне "аўтарскіх правоў" кампаніі-хостару, з якім працуе рэдакцыя, а таксама сэрвісу, які забяспечвае нам абарону ад DDOS-атак.
Абедзве кампаніі адразу звярнуліся да Еўрарадыё, бо паводле ўмоваў супрацоўніцтва мы не можам парушаць чужыя аўтарскія правы. Нам удалося растлумачыць ім, што гэта махлярства, а таксама даказаць Tumblr, што парушаюцца аўтарскія правы рэдакцыі, пасля чаго той блог быў выдалены.
Аднак гісторыя працягваецца. Цяпер артыкул размешчаны на іншым блог-сэрвісе, і зноў партнёрам Еўрарадыё рассылаюцца лісты з заявамі пра парушэнне аўтарскіх правоў. Вядома, рэдакцыя падала скаргу ў адказ, аднак тэарэтычна такое можа цягнуцца вельмі доўга. І ў нейкі момант аўтаматызаваныя сістэмы кантролю могуць спрацаваць не на нашу карысць.
Відавочна, што такімі крокамі ад Еўрарадыё спрабуюць дамагчыся выдалення згаданага артыкула, бо тады знікла б падстава для прэтэнзій. Хто ж можа быць зацікаўлены ў выдаленні матэрыялу, які кампраметуе спадара Санаку Самарасінху?
Застаецца толькі гадаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.