“Не хапае сексу”: беларуска расказала, што прадстаўнік ААН падкатваў і да яе

На калажы Санака Самарасінха / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
На калажы Санака Самарасінха / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Экс-кіраўніка офіса ААН у Беларусі Санаку Самарасінху падазраюць у сексуальных дамаганнях. Чытач Еўрарадыё распавёў, што спадар Самарасінха спрабаваў пабудаваць нефармальныя стасункі з яго сваячкай, калі яна шукала працу ў ААН у 2014 годзе.

Тады беларуска жыла ў Францыі, таму з афлайн-сумоўем былі праблемы. Паводле нашай крыніцы, Самарасінха прапанаваў выйсце — сустрэцца ў Жэневе. Але хутка стала зразумела, што з прапановай нешта не так.

Яна сумавала па Беларусі, нешта ў яе ў Францыі не атрымлівалася, таму шукала працу ў Беларусі. Яна скончыла ін’яз, добра ведае французскую і англійскую мовы, і адсылала сваё CV [рэзюмэ. — Еўрарадыё] у цікавыя структуры, напрыклад, у ААН, амбасаду Францыі. І пасля таго, як яна даслала CV у ААН, да яе ў LinkedIn прыйшоў вось гэты мужык.

“Не хапае сексу”: беларуска расказала, што прадстаўнік ААН падкатваў і да яе
Скрыншот партфоліа Самарасінхі ў LinkedIn. У 2014 годзе ён ужо працаваў на беларускім напрамку / linkedin.com

Як яна мне расказвала, ён быццам бы прыйшоў не таму, што яна CV адправіла. Гэта супала проста. Ён, можа, глядзеў дзяўчын, якія сканчалі ін’яз. Яны пачалі размаўляць, ён даў ёй нумар тэлефона і прапанаваў перайсці ў тэлеграм. Было крыху дзіўна, але яна спадзявалася, мабыць, нешта з працай ў ААН будзе, таму пагадзілася.

Там ён пачаў пісаць ужо, што ён праз нейкі час будзе ў Жэневе і ў Парыжы, што можна сустрэцца, што гатэль ён арганізуе. Калі пра гатэль пайшлі размовы, яна зразумела, што нешта не тое.

 

Раіў кнігу пра секс

Самарасінха рабіў намёкі з сексуальным падтэкстам і параіў прачытаць кнігу Emergency Sex and Other Desperate Measures: A True Story From Hell On Earth (Экстраны секс і іншыя адчайныя меры: праўдзівая гісторыя з пекла на зямлі), працягвае суразмоўца.

Быццам бы кнігу напісаў нейкі ААНавец, які жыў у нейкай дупе свету і пісаў, што не хапае сексу. Ён як бы выводзіў да гэтай тэмы. А ў тыя часы яшчэ была пандэмія эболы і ён ціснуў на тое, што ён такі класны хлопец, ледзь не памёр, калі ездзіў у Афрыку, і кніжку гэтую скінуў.

Ён у тэлеграме ёй пісаў, потым выдаляў паведамленні. Яна казала, што не ведала, што ў тыя часы можна было так рабіць. А ён нібы “вось, глядзі, якая прыкольная фіча” і выдаляў паведамленні, дзе ён відавочна цісне.

Жанчына на сустрэчу ўсё ж не пагадзілся і працягнула камунікацыю з ААН праз ліставанне.

Пасля таго, як яна напісала афіцыйна праз LinkedIn, ён ужо нічога не адказаў, зразумеў, што нічога не выгарала. І скончыў размову з ёю.

“Не хапае сексу”: беларуска расказала, што прадстаўнік ААН падкатваў і да яе
Апошнія лісты ад Самарасінхі, дзе ён узгадвае Жэневу і просіць адказаць, на якую пасаду падалася жанчына / скрыншоты чытача Еўрарадыё

Адпаведна, на працу яна не трапіла. Было адчуванне, што яна не першая і не апошняя, а вось цяпер хлопца злавілі, — падводзіць рысу суразмоўца.

Калі пра падазрэнні ў бок Самарасінхі стала вядома, Reform.by адзначыў, што ў Беларусі здараліся падобныя эпізоды, калі прадстаўнік ААН дамагаўся да жанчын, але мясцовы персанал не адважваўся публікаваць факты.

Цяпер Санака Самарасінха пастаянны каардынатар ААН на Фіджы, Саламонавых выспах, Тонга, Тувалу і Вануату.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі