Ніна Багінская прайшла па цэнтры Мінска з плакатам "БНФ"

Ніна Багінская

Ніна Багінская / Euroradio

Апазіцыйнай актывістцы Ніне Багінскай пагражае чарговы суд.

Як паведамляе "Белсат", увечары 19 кастрычніка яна выйшла з плакатам з надпісам "БНФ" на вуліцу Казлова ў Мінску. Такім чынам жанчына меркавала адзначыць памятную дату: акурат у гэты дзень 36 гадоў таму быў створаны аргкамітэт Беларускага народнага фронту.

Багінская планавала прайсці да будынку, дзе шмат гадоў размяшчалася Управа БНФ. Сама апазіцыйная партыя была ліквідаваная Вярхоўным судом 14 жніўня 2023 года.

Аднак на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова жанчыну затрымалі міліцыянты. Яе завезлі ў пастарунак, дзе закруцілі рукі за спіну і начапілі кайданкі, хаця Багінская спасылалася на свой фізічны стан і прасіла дазволіць ёй трымаць рукі перад сабой.

Апазіцыянерка адмовілася чытаць і падпісваць пратакол. Яе выпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання — да суда. Дату суда не назвалі.

Багінская ўдзельнічае ў акцыях апазіцыі з 1988 года. Яна стала адным з сімвалаў мірных пратэстаў Беларусі. Штрафы, выпісаныя Багінскай, перавышаюць 20 тысяч долараў. Для іх пагашэння суд канфіскаваў яе лецішча і прадаў з аўкцыёну. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі