"Ноч ваўкалака" ў Полацку

У нядзелю на сцэне гарадскога палаца культуры ў Полацку прайшла “Ноч ваўкалака” — музычная імпрэза з удзелам пяці беларускіх рок-гуртоў, у тым ліку легендарнага “Уліса”, які доўгі час не выступаў на радзіме.
Цэнтральнай падзеяй вечарыны стала прэзентацыя альбома “Сонцавакол” полацкага гурта “Indra”, які быў запісаны пры дапамозе “Еўрапейскага радыё для Беларусі”.

Полацкі гурт “Indra” з’явіўся на свет чатыры гады таму. За гэты час калектыў паспеў займець прыхільнікаў і стаць лаўрэатам фестываля “Рок-Кола”. Але сёлета “Indra” пачала новы адлік у творчасці. Гурт выпусціў першы прафесійны альбом.

Напярэдадні Новага года калектыў атрымаў прыемную навіну — ён стаў пераможцам хіт-параду “Еўрапейскага радыё для Беларусі”. У якасці ўзнагароды “Indra” атрымала магчымасць запісаць альбом на прафесійнай студыі ў Беластоку.

Дзевяць кампазіцый, якія ўвайшлі ў дыск “Сонцавакол”, былі запісаныя за пяць дзён вельмі напружанай і плённай працы. Яе вынікам стаў не толькі гатовы альбом, але і змены ў адносінах музыкаў да сваёй творчасці. Гаворыць вакалістка гурта “Indra” Вольга Андрэева.

Вольга Андрэева: Мы вырашылі перагледзець свае адносіны да таго, навошта мы гэта робім. Проста для таго каб сядзець у ГДК і нейкія канцэрты лабаць. Ці для таго каб калі мы з нейкай прычыны мы гэта скончым, каб атрымаўся нейкі вынік.

Не тое, што мы сталі больш сумныя песімістычныя, не. Мы такія ж вясёлыя. Мы сталі больш дарослымі. Музычна дарослымі”.

Aле і гэткая “дарослая” “Indra” не згубіла сваёй юнацкай завадносці і пазітыўнай энергетыкі. Доказам таму стаў выступ гурта на прэзентацыі свайго альбома ў Полацку.

Распачалі вечарыну мясцовыя гурты “Primus Inter Paresi The Planets”. Падхапіла музычную эстафету мінскае “Рэха”, якое добра завяло публіку. А ўжо затым на сцэну выйшла “Indra”.

Але галоўным цвіком праграмы стаў выступ легендарнага беларускага гурта “Ulis”. Дарэчы, яго лідар Вячаслаў Корань быў музычным прадзюсерам альбому полацкага гурта і даволі высока ацаніў вынік супольнай працы.

Вячаслаў Корань: “Заўжды чуеш нейкія недахопы, недапрацоўкі ў аматарскім запісе. I калі пачынаеш працаваць у студыі, гэтыя недахопы папросту прыбіраеш.

І калі людзі хочуць гэтага і хочуць зрабіць усё добра, заўсёды гэта выклікае павагу. “Іndrа” якраз падышла да гэтага так. Яны стараліся ўсё зрабіць так, каб было добра запісана”.

Ulis” адыграў у Полацку даволі вялікую праграму. Гэта быў першы электрычны канцэрт гурта ў Беларусі за апошнія два гады. І публіка ўспрыняла легендарны калектыў вельмі добра. Агульныя ўражанні ад канцэрту ў слухачоў засталіся таксама пазітыўныя.

Агулам у залі сабралася каля дзвюх соцень прыхільнікаў музыкі, сярод якіх былі і маладзёны, і рокеры са стажам. Хтосьці прыйшоў павіншаваць землякоў з “Indr’ы” з выхадам альбому, хтосьці прывёў сваіх дзяцей паслухаць «Ulis», якім сам захапляўся ў маладосці. “Ноч ваўкалака” ў Полацку ўдалася.

Фота — studenty.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі