Новы закон дазваляе супрацоўнікам КДБ страляць у натоўпе

Cупрацоўнікам КДБ дазволяць страляць у натоўпе

Cупрацоўнікам КДБ дазволяць страляць у натоўпе / Sputnik

Папраўкі ў закон аб барацьбе з тэрарызмам даюць новыя паўнамоцтва КДБ. Папраўкі былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў 7 снежня адразу ў двух чытаннях і цяпер з'явіліся на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Раней закон забараняў супрацоўнікам КДБ ужываць зброю ў наступных выпадках:
— пры значнай колькасці грамадзян, калі ад гэтага могуць пацярпець староннія асобы;
— у напрамку складоў (сховішчаў), якія змяшчаюць вогненебяспечныя, выбухованебяспечныя, а таксама моцнадзейныя атрутныя рэчывы, і сродкаў транспарціроўкі гэтых рэчываў.

Цяпер гэтыя абмежаванні адмененыя. Гэта азначае, што супрацоўнікі КДБ маюць права страляць у натоўпе, нягледзячы на рызыку для нявінных людзей, і страляць у бок выбухованебяспечных сховішчаў.

Яшчэ адна норма забараняла страляць у бок жанчын, асоб з відавочнымі прыкметамі інваліднасці, непаўналетніх, калі іх узрост відавочны або вядомы супрацоўнікам органаў дзяржаўнай бяспекі, за выключэннем узброенага альбо групавога нападу з іх боку ці іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю або здароўю грамадзян.

Новыя папраўкі дазваляюць страляць па жанчынах, непаўналетніх і людзях з інваліднасцю не толькі ў выпадку нападу, але і пры "аказанні імі ўзброенага супраціву".

Таксама КДБ становіцца структурай, якая каардынуе дзейнасць усіх астатніх дзяржорганаў і арганізацый па барацьбе з тэрарызмам. Пад каардынацыю КДБ трапляюць органы МУС, унутраныя войскі, Узброеныя сілы, памежнікі ды іншыя службы. Не будзе ім падпарадкоўвацца толькі Служба бяспекі прэзідэнта.

Як распавядала Еўрарадыё, да контртэрарыстычных аперацый плануецца таксама прыцягваць інкасатарскія службы.

Законапраект павінен яшчэ быць зацверджаны ў Савеце Рэспублікі і падпісаны Лукашэнкам, які ініцыяваў гэтыя папраўкі. Набыць моц закон павінен з 1 студзеня 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі