Пад Луганскам падарваўся аўтамабіль АБСЕ, ёсць загінулы
Каля Луганска на фугасе падарваўся аўтамабіль з назіральнікамі АБСЕ, паведамляе Украінская праўда. Гэта здарылася сёння, каля 11-й раніцы, калі супрацоўнікі Спецыяльнай маніторынгавай місіі наведвалі населены пункт Прыбыш.
Дзеючы кіраўнік АБСЕ, міністр замежных справаў Аўстрыі Себасцьян Курц паведаміў, што ў выніку інцыдэнту адзін супрацоўнік арганізацыі загінуў, а другі атрымаў раненні.
“Шчырыя спачуванні родным загінулага і камандзе СММ. Смерць калегі — шок для ўсяго АБСЕ. Спадзяюся, што паранены назіральнік хутка адновіцца”, — напісаў Курц у сваім Твітэры.
Ён падкрэсліў, што трэба правесці падрабязнае расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Паводле высноваў СММ, рэжым спынення агню на Луганшчыне датрымліваецца з абодвух бакоў узброенага канфлікту на усходзе Украіны.