Падчас працы ў Беларусі асабіста бачыў, як гэта адбываецца — Кізім пра рэпрэсіі
Каліноўцы ва Украіне
Амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў прызнанне ў РБ палка Каліноўскага "тэрарыстычнай арганізацыяй". "Часам дзіўна назіраць, як палітычны рэжым краіны, які падтрымлівае іншую тэрарыстычную дзяржаву і рэжым, абвінавачвае сваіх грамадзян, якія змагаюцца супраць той тэрарыстычнай дзяржавы, у тэрарызме, — піша ён у Facebook. — ...Мабыць, неўзабаве згадка самога імя Кастуся Каліноўскага, постаццю якога павінен быў бы ганарыцца ўвесь беларускі народ, будзе карацца лукашэнкаўскім рэжымам".
Кізім згадвае, што быў сведкам рэпрэсій у Беларусі: "Падчас працы ў Беларусі асабіста бачыў, як гэта адбываецца". Беларусаў караюць за дэманстрацыю беларускай гістарычнай сімволікі, за знакі падтрымкі Украіны, за словы "Не вайне!" і нават за прачытаныя "не такія" навіны.
"І можа правільней было б казаць пра іншыя беларускія "тэрарыстычныя" арганізацыі, якія спрычыніліся да вымушанага ад'езду за межы Беларусі соцень тысяч беларусаў праз дэманстрацыю імі сваёй палітычнай пазіцыі і грамадскіх перакананняў і якія сёння ўтрымліваюць за кратамі тысячы людзей толькі за тое, што яны маюць іншае, чым Лукашэнка, бачанне будучыні сваёй Радзімы", — лічыць Ігар Кізім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.