Палітолаг: Замест пратэстаў незадаволеныя абіраюць іміграцыю

Магілёўскія будаўнікі падпісаліся за звольненага лідара незалежнага прафсаюзнага руху Аляксея Паўлоўскага. Калі ж кіраўніцтва наважыцца звольніць усіх падпісантаў, тыя паедуць працаваць у Маскву.


Ужо не для каго не сакрэт, што беларусы масава едуць працаваць у Расію. У многіх знойдуцца знаёмыя, якія працуюць у Маскве. Пасля дэвальвацыі рубля заробкі па аднолькавых спецыяльнасцях тут і там адрозніваюцца ў 3-4 разы. Сваім ад'ездам у доўгатэрміновай перспектыве яны збіваюць пратэстныя настроі ў грамадстве, мяркуе палітолаг Юрый Чавусаў:


"Беларуская палітычная сістэма прадугледжвае вельмі мала магчымасцяў для пратэстаў. За гэта вельмі вялікія санкцыі. Але пакідае шырокую прастору, каб людзі пакінулі гэтую палітычную сістэму. Можна параўнаць з Кубай, дзе на пачатку былі ўсе ўмовы, каб незадаволеныя сплылі. Так і ў Беларусі застаюцца тыя, каго сітуацыя, калі не задавальняе, то яны могуць прыстасавацца".


На яго думку, Беларусь чакае лёс Малдовы з вялікімі заводамі, дзе фінансавыя паступленні будуць залежыць ад таго, як працуюць грамадзяне за мяжой.


"Пакуль будзе магчымасць сысці з краіны, то самыя актыўныя, здольныя на пратэст будуць з'язджаць, бо пратэставаць сабе даражэй, улічваючы памер сілавых структур, — гаворыць колішні міністр працы Аляксандр Сасноў. — А калі б людзі не з'язджалі, то што ім тут рабіць? Паміралі б з голаду, папаўнялі турмы, былі б збітыя, з паламаным лёсам, рукамі і нагамі. Я не думаю, што для іх гэта было б добра, хай лепей з'язджаюць".


На думку палітолага Юрыя Шаўцова, працаваць у Расію едуць збольшага будаўнікі з памежных рэгіёнаў, якія не схільныя да пратэстаў. Таму на палітычную сітуацыю такая працоўная міграцыя не ўплывае.


"Групы насельніцтва схільныя да пратэстаў гэта вельмі рэдка працоўная класа. У асноўным гэта інтэлігенцыя, якая пратэстуе супраць антыінтэлектуальнай, на яе погляд, палітыкі ўлады і яна жыве сваім жыццём. Крытычныя настроі ў краіне ў мінулым годзе вельмі пашырыліся, але ў пратэстныя яны не пераходзяць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі