Палова зняволеных журналістаў — блогеры

3 траўня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень свабоды прэсы. Прафесія рэпарцёра па-ранейшаму застаецца адной з найбольш небяспечных. Толькі за мінулы год у свеце было забіта 99 журналістаў, яшчэ 136 трапілі за краты. Палова з іх было зняволеная за матэрыялы ў інтэрнэце. Лідыруе Кітай. Менавіта практыка Паднябеснай у рэгуляванні сеціва стала ўзорам для нашай краіны. Як падкрэслівае юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, улады ўвялі адказнасць для онлайн-рэпарцёраў, не вызначыўшы пры гэтым, што дакладна з’яўляецца інтэрнэт-выданнем.

Андрэй Бастунец: “Праблема тут у тым, што не вызначаны дакладна статус інтэрнэт-выданняў. Бываюць прэтэнзіі да тых, хто працуе ў інтэрнэт-рэсурсах, што яны не з’яўляюцца журналістамі. А з іншага боку, немагчыма распаўсюдзіць заканадаўства, падрыхтаванае для дзейнасці традыцыйных медыяў, на 100 адсоткаў на дзейнасць анлайн-медыяў. У Расіі гэта абышлі вельмі проста, калі зрабілі добраахвотным парадак рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў у якасці сродкаў масавай інфармацыі”.

Юрыст адзначае, што чыноўнікі мусілі распрацаваць удакладненні да Закону аб СМІ наконт таго, што з’яўляецца інтэрнэт-выданнем, а таксама, як рэгуляваць яго дзейнасць. Але дагэтуль не зрабілі гэтага. Затое сёлета ў лютым выйшаў указ кіраўніка дзяржавы аб рэгуляванні інтэрнэт-прасторы. Адразу цэлы шэраг палажэнняў дакумента выклікаў неспакой у экспертаў. Кажа Андрэй Бастунец:

Андрэй Бастунец: “Гэта магчымасць блакавання сайтаў паводле заявы карыстальнікаў інтэрнэту, а таксама дзяржаўных устаноў. І больш за тое — у тэксце ўказу ёсць магчымасць блакавання такіх рэсурсаў нават без адпаведных заяваў, а згодна з рашэннем ўпаўнаважаных органаў”.

Пасля таго, як закон набыў моц, з’явіліся і першыя прыклады яго прымянення: атакі ветэранаў на сайт “Беларускага партызану” ды крымінальная справа супраць незалежных журналістаў за каментар на вэб-пляцоўцы “Хартыі’97”.

Дарэчы, аднымі з першых у нашай краіне за публікацыю ў інтэрнэце яшчэ ў 2001 годзе былі асуджаныя рэдактар і журналіст гродзенскай апазіцыйнай газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка. Пацярпеў за інтэрнэт-публікацыю і вядомы апазіцыйны палітык Андрэй Клімаў. Яго абвінавацілі ў абразе кіраўніка дзяржавы і закліках да гвалтоўнай змены ўлады, здзейсненых праз сусветнае павуцінне. Апазіцыянер віны не прызнае дагэтуль.

Андрэй Клімаў: “Не было аніякіх абразаў ды заклікаў. Я ж цывілізаваны чалавек і заўсёды стаяў на варце Канстытуцыі. Няўжо я заклікаў да спаду, да гвалтоўнай змены ўлады, да абразы дзейснай афіцыйнай асобы — неістотна, якой: найвышэйшай ці найніжэйшай? Ды я нават дворніка не абражу! То бок тут гэта ўсё не мае значэння, бо пры жаданні за вушы можна прыцягнуць што заўгодна”.

Спецыфікай дзейнасці онлайн-журналіста ці блогера з’яўляецца яго мабільнасць. Для працы дастаткова ноўтбука з выйсцем у сусветнае сеціва ды лічбавага фотаапарату. Але адначасова карыстальнікі працуюць адасоблена, без магутных рэдакцыяў за спінай. Адзіная падтрымка — агульная салідарнасць у змаганні за свабоду слова. У рэале і ў інтэрнэце.




Фота з turin.gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі