Pananieba. "71"

Аўтары лепшага дэбютнага альбома 2010 года паводле сайту Experty.by – вілейскія рэперы Pananieba, у перадапошні дзень старога года выдалі другую па ліку пласцінку “71”. “71” – тэлефонны код Вілейкі, лічба, якая сімвалізуе малую радзіму удзельнікаў гурта. Сам дыск таксама нясе ў сабе сімвалічны падтэкст: па словах SP Kava, ён з’яўляецца кропкай адліку новага этапу каманды. “Гэта будзе зусім адрознівацца ад “На балоце”, гэта будзе зусім адрознівацца ад “71”. Што гэта будзе – мы пакуль дакладна не ведаем, але тое, над чым мы зараз працуем – яно кардынальна адрозніваецца, хоць і не завершанае яшчэ. Я думаю, калі яно з’явіцца, гэтыя адрозненні будуць яшчэ больш заўважнымі”, - тлумачыць ролю “71” MC.

Калі ўспомніць яскравы дэбютнік Pananieba “На балоце” і ўявіць сабе бліскучую будучыню каманды, дзякуючы новаму гучанню і ідэям, дыск “71” выглядае дастаткова стрыманым. Тут няма эксперыментальных цікавостак “На балоце”, замарочкі і запаркі якога паставілі гурт на чале новай беларускай хіп-хоп-хвалі. Няма жывых гітар(хіба што апроч кавера на Neuro Dubel "Трываю") і надзеі на тое, што “Усё будзе добра!” Аднак ёсць той натуральны, арганічны пачатак, дакладнасць, суровасць, прастата, вострыя тэмы і грамадзянская пазіцыя. Калі задацца пытаннем, пра што спявае Pananieba, атрымоўваецца, што пра ўсё і ні пра што. Але спявае занадта сур’ёзна, што ўласціва ўсёй беларускай музыцы. Часам падаецца, што аўтарам шчырых і недзіцячых чытанак не крыху за дваццаць, а добры саракет. А так хочацца пачуць якую-небудзь вясёлую вілейскую гісторыю!

“71” – прыклад менавіта беларускага рэпу. Ён сур’ёзны, упэўнены, пакладзены на дастаткова тыповыя біты з абавязковымі украпінамі салодка-крычашчага жаночага вакалу. Але сама беларускасць гэтага рэпу заключаецца ў харызматычнасці і шчырасці Pananieba, і ў тым, што яны ідуць сваім шляхам, не азіраючыся па баках. І, відавочна па апошніх падзеях(2 альбомы ў два гады - гэта ого-го!), шлях іхні не скончыцца на альбоме “71”. Хіба што на 71-м. І тое, калі не на 72-м.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі