Папулярны выдавец мабільных гульняў закрывае офіс у Мінску

SayGames — самы папулярны выдавец мабільных гульняў з беларускімі каранямі

SayGames — самы папулярны выдавец мабільных гульняў з беларускімі каранямі / play.google.com

Кампанія "Кажыгульні" — беларуская юрыдычная асоба папулярнага выдаўца мабільных гульняў SayGames — ліквідуецца. На гэта звярнуў увагу партал devby.io. Хаця раней прадстаўнікі кампаніі казалі, што не збіраюцца сыходзіць з ПВТ.

"Мы былі і застаёмся ў Беларусі. Праводзім рэструктурызацыю, наша кампанія ў ПВТ гэта "Кажыгульні". З намі ўсё добра, мы не сыходзілі з ПВТ і не збіраемся", — казаў у 2022 годзе заснавальнік і гендырэктар SayGames Дзяніс Вайханскі. На той момант кампанія працягвала наймаць супрацоўнікаў у Мінску. Аднак у канцы студзеня 2023 года "Кажыгульні" трапілі ў спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Такім кампаніям забаронена адчужаць долі (акцыі) без дазволу Мінфіна. Галаўны офіс SayGames знаходзіцца на Кіпры. Доўгі час асноўная каманда кампаніі працавала ў Мінску. Але цяпер на сайце няма згадкі пра Беларусь. Кампанія шукае новых супрацоўнікаў у Польшчы і на Кіпры.

Рашэнне ліквідаваць беларускую юрыдычную асобу прыняў уласнік. Афіцыйна працэс пачаўся яшчэ 19 чэрвеня, але пакуль "Кажыгульні" яшчэ ёсць у спісе рэзідэнтаў на сайце ПВТ.

SayGames адзін з самых паспяховых праектаў з беларускімі каранямі па стварэнні мабільных гульняў. Кампанія была заснаваная ў 2017 годзе. На гэты момант у яе партфоліа больш за 100 запушчаных праектаў і больш за 4 мільярды загрузак па ўсім свеце. SayGames самы папулярны выдавец мабільных гульняў з беларускімі каранямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі