“Пасха Пана нясе святло, якое рассейвае цемру”: католікі сустракаюць Вялікдзень
Велікодная служба ў Саборы Святога Пятра ў Ватыкане / vaticannews.va
Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч у дзень святкавання Пасхі звярнуўся да веруючых з віншаваннем. Яго словы прыводзіць выданне Catholic.by.
У сваёй прамове ён згадаў людзей ва ўсім свеце, якія “напалоханыя і занепакоеныя землятрусамі, пандэміямі, войнамі, сваёй нявызначанай будучыняй”. І людзей, якія вырашылі пакінуць свае краіны ў пошуках лепшага жыцця.
“Колькі людзей у свеце не маюць доступу да неабходных для жыцця рэчаў? Колькі дзяцей жывуць у беднасці і не маюць магчымасці атрымаць адукацыю? Колькі зняволеных усё яшчэ не могуць вярнуцца дадому і сустрэцца са сваімі блізкімі?
Як хрысціяне, мы таксама і ў гэтым годзе сведчым аб тым, што нам дае надзею; што наша надзея — гэта Хрыстус”, — напісаў нунцый.
Пасха — адно з галоўных хрысціянскіх святаў. Згодна Евангеллю, у гэта дзень Іісус Хрыстос паўстаў з мёртвых — і тым даў надзею ўсяму чалавецтву.
“Цяжкасці і крызісы, якія мы перажываем у сучасным грамадстве, не павінны быць прычынай расчаравання, таму што Пасха Пана заўсёды нясе нам святло, якое рассейвае цемру. Вялікдзень заўсёды дае нам сілы пераадольваць цяжкасці і заставацца вернымі свайму пакліканню”, — звярнуўся да веруючых апостальскі нунцый.
Ён таксама звярнуўся з віншаваннем да хрысціянаў, якія святкуюць Пасху паводле юліянскага календара і будуць сустракаць гэтае свята на наступным тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.