Пасля 2020-га Беларусь пакінулі 500-600 тысяч чалавек — Цэнтр новых ідэй
Беларусы пакідаюць радзіму, ілюстрацыйнае фота
Пасля 2020 года Беларусь пакінулі каля 500-600 тысяч чалавек — гэта амаль Гродна і Брэст, разам узятыя. Да такіх высноваў прыйшоў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, старшы даследчык Цэнтра новых ідэй.
Даследчык прааналізаваў адкрытыя даныя. Па стане на люты 2024 года ў польскай сістэме ZUS (аналаг беларускага ФСЗН) было зарэгістравана 130 тысяч беларусаў. Столькі ж грамадзян нашай краіны мелі дазвол на жыхарства ў Польшчы. У 2020-м такіх было толькі 17 тысяч. Такім чынам, за гэты час у Польшчу з'ехалі мінімум 113 тысяч чалавек.
Але, на думку Коршунава, у гэтай статыстыцы не хапае яшчэ некалькіх дзясяткаў тысяч беларусаў, якія цяпер чакаюць ДНЖ у Польшчы, бо тэрміны выдачы дазволаў расцягнуліся ў сувязі з вялікім наплывам замежнікаў.
У Літве з 2020 па люты 2024 год колькасць беларусаў афіцыйна вырасла з 18 тысяч да 63 тысяч чалавек.
Такім чынам, новая міграцыя беларусаў у Літву складае каля 45 тысяч чалавек. І гэта таксама хутчэй за ўсё мінімальны паказчык.
У Германію за апошнія гады пераехалі 6-8 тысяч беларусаў, у Ізраіль па стане на 2022 год — 3,6 тысячы чалавек. Каля 10-11 тысяч беларусаў пераехалі ў Грузію. У краіны ЕС, акрамя Польшчы і Літвы, паводле падлікаў Коршунава, перабраліся каля 20 тысяч беларусаў.
Агульную колькасць беларусаў, якія эмігравалі ў заходнім кірунку, даследчык ацэньвае ў 220 тысяч чалавек.
Колькасць беларусаў, якія пераехалі ў Расію, падлічыць складана праз асаблівасці статыстыкі. МУС Расіі піша, што ў 2022 годзе там жылі 430 тысяч беларусаў, Еўразійская эканамічная камісія называе лічбу ў 173 тысячы. На думку Коршунава, эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная па памерах з заходнім кірункам.
Так ён прыходзіць да лічбы ў 500-600 тысяч чалавек. Гэта каля 6-7% ад агульнай намінальнай/афіцыйнай колькасці насельніцтва краіны па версіі Белстата.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.