“Паставяць у рэзідэнцыі” — навуковец пра магчымы лёс беларускага метэарыта
Пад Мінскам упаў метэарыт
Пад Мінскам упаў метэарыт. Амаль адразу пачаліся пошукі яго аскепкаў, якія прывялі да першых поспехаў. Удзельнікі клуба "Астраномінск" і Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта ўжо выявілі некалькі фрагментаў метэарыта.
Разам з хімікам Сяргеем Бесарабам Еўрарадыё разабралася, якія бываюць метэарыты, якая ў іх каштоўнасць і што ўлады збіраюцца з ім рабіць.
Што там з жодзінскім метэарытам?
Па словах Бесараба, фармальна метэарытны матэрыял рэгулюецца Кодэксам Беларусі аб нетрах. То-бок метэарыт у гэтым плане прыраўноўваецца да карысных выкапняў.
— У Беларусі да метэарытаў ставяцца як да скарбу — калі ты знайшоў гэты камень, то дзяржава дае табе 25%, а астатняе забірае. Другі момант: а як увогуле можна ацаніць яго кошт? Таму што ў Беларусі проста не існуе такіх нарматыўных дакументаў.
Няма і аўкцыяністаў, якія б маглі ацаніць кошт. Напрыклад, у Расіі метэарыты лічацца культурнай каштоўнасцю, іх перамяшчэнне па краіне кантралюецца, а вываз лічыцца кантрабандай. А ў Беларусі ўсяго гэтага няма. Таму першым, хто заўважыў жодзінскі метэарыт, былі менавіта расійскія вучоныя.
— Прыкладна столькі ж каштуюць углістыя хандрыты — іх цікавасць у тым, што яны ўтрымліваюць арганічныя рэчывы. То-бок там можа быць незвычайная для Зямлі арганіка.
Ці падалі метэарыты ў Беларусі раней
Сяргей Бесараб лічыць, што метэарыты падалі на тэрыторыю Беларусі і раней, таму снежаньскі метэарыт — гэта не штосьці новае. З савецкіх часоў на тэрыторыі Беларусі выяўлена 5-7 месцаў, дзе падалі метэарыты. Некаторыя з іх былі вельмі вялікімі і важылі па некалькі цэнтнераў.
— Буйнейшы і самы вядомы з іх — гэта брагінскі метэарыт, які пры падзенні разваліўся на кавалкі. Важыў ён больш за паўтоны. Таксама можна адзначыць метэарыт з Копыльскага раёна — “Грэск”, ён важыў 300 кг. І ў Столінскім раёне яшчэ падаў “Жмень” — ён быў прыкладна 250 кг. Ён вядомы тым, што яго расцягнулі на сувеніры і цяпер яго часткі знаходзяцца ў калекцыях Масквы, Нью-Ёрка і Вены.
Якія існуюць метэарыты
Метэарыт — гэта цела касмічнага паходжання, якое ўпала на паверхню. Пакуль ён яшчэ не ўпаў, ён называецца метэароід, кажа Бесараб. А сама з’ява прылёту называецца балідам. Што да складу, то ўсе метэарыты умоўна дзеляцца на тры катэгорыі: жалезныя, каменныя і жалезна-каменныя.
— Жалезныя — найбольш вядомыя. Часцей за ўсё яны прадстаўляюць сабой сплаў нікелю з жалезам з невялікімі прымесямі. Яны вельмі адметныя і вельмі прыгожыя.
На другім месцы каменныя метэарыты, якія ўяўляюць сабой проста кавалкі пароды (але не падобныя на зямныя). Ну, і на трэцім месцы — жалеза-каменныя, часам яны могуць утрымліваць у сабе нават больш жалеза, чым звычайныя жалезныя.
Пра небяспеку метэарытаў
Сяргей Бесараб лічыць, што небяспека метэора, які набліжаецца да Зямлі, залежыць ад яго хуткасці. Кінетычная энергія пераходзіць у цяпло і выклікае выбуховую хвалю.
— Напрыклад, Тунгускі метэарыт у пачатку ХХ стагоддзя знішчыў 2000 квадратных кіламетраў тайгі. Таксама можна згадаць Чыксулубскі метэарыт, які знішчыў дзіназаўраў — тады ўтварыўся кратар, паднялося шмат пылу і наступіла ядзерная зіма. З апошніх катастрафічных метэарытаў можна згадаць Чалябінскі, калі ў людзей наўпрост павыбівала вокны. Тады агульная магутнасць выбуху па меркаваннях некаторых экспертаў ацэньваецца ў 300 кілатонн (як магутнасць дзвюх стратэгічных ядзерных баегаловак).
Па словах хіміка, метэарыт, які ўжо ўпаў, поўнасцю бяспечны і не можа несці ў сябе ні біялагічных, ні радыёактыўных кампанентаў.
— Галоўная пагроза не ў тым, што праз гэты каменьчык можна чымсьці заразіцца, а ў яго кінетычнай энергіі. Ён дакладна можа прабіць дах, альбо запаліць лес — ну, і забіць чалавека таксама.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.