Кітайскі "забойца ChatGPT" займаецца прапагандай — вось прыклады
ШІ-чат DeepSeek
Новы кітайскі ШІ-чат DeepSeek шмат хто назваў "забойцам ChatGPT". Маўляў, ён новы, хуткі, а яшчэ і бясплатны. Пасля прэзентацыі акцыі амерыканскай Nvidia, якая вырабляе ў тым ліку чыпы для штучнага інтэлекту, упалі на 18%. Падзенне акцый закранула і некаторыя іншыя кампаніі, якія працуюць у сферы ШІ.
Аднак сапраўдным "забойцам ChatGPT" стартап DeepSeek наўрад ці стане. Па-першае, пакуль што яго функцыянал абмежаваны ў параўнанні з самым вядомым чат-ботам: ён не стварае малюнкаў, не мае кастомных чатаў і шмат чаго іншага.
Іншая прычына яшчэ больш відавочная: хоць у пытаннях пра сусветныя падзеі DeepSeek адносна дакладны (напрыклад, піша пра сумневы ў легітымнасці Лукашэнкі і пра рэпрэсіі ў Беларусі), у тэмах пра Кітай ён аказаўся несвабодным ад цэнзуры.
Напрыклад, пра Тайвань ён піша, як пра спрадвечна кітайскія тэрыторыі, канцэпцыю "аднаго Кітая", і піша "Мы рашуча выступаем...". Відавочна, што тут "мы" — гэта не пра ШІ, а пра афіцыйны Пекін.
Падрабязнасці пра трагічныя падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989-м, у выніку якіх загінула да некалькіх тысяч чалавек, DeepSeek піша як пра "захаванне стабільнасці".
Унікліва адказвае чатбот DeepSeek і пра выявы Віні-Пуха. Як вядома, іх у кітайскім інтэрнэце цэнзуруюць праз жарты аб падабенстве паміж мядзведзікам і старшынёй Сі. Але DeepSeek просіць паважаць "культурныя асаблівасці Кітая".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.