Паўлічэнка — пра заяву Гараўскага наконт "эскадрона смерці": поўнае трызненне

Паўлічэнка — пра заяву Гараўскага наконт "эскадрона смерці": поўнае трызненне

Былы камандзір Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў Беларусі Дзмітрый Паўлічэнка ў каментары TUT.by заявіў, што гэтае падраздзяленне не мела дачынення да знікнення ў 1999 годзе апазіцыянераў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. 16 снежня на DW выйшаў дакументальны фільм, у якім 41-гадовы беларус Юрый Гараўскі распавядае пра сваю службу ў Беларусі ў Спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання і ва ўдзеле ў "эскадроне смерці" (поўны тэкст інтэрв'ю тут). Ён заявіў, што быў сярод байцоў, якія ў 1999-м выкрадалі Захаранку. Ганчара і Красоўскага, прысутнічаў пры іх расстрэле. Гараўскі згадаў Паўлічэнку, як кіраўніка іх групы.

"Гараўскі адслужыў паўтара года тэрміновай службы, а потым зганьбіў [ўнутраныя войскі], — кажа TUT.by Дзмітрый Паўлічэнка. — Ніякага дачынення да САХРу ён не мае".

Па словах Паўлічэнкі, Спецыяльны атрад хуткага рэагавання фармаваўся ў 1999 годзе, і якраз у той час Юрый Гараўскі "трапіў пад крымінальную адказнасць — займаўся вымагальніцтвам". Распрацоўвала яго Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, а затрымлівалі байцы спецпадраздзялення "Алмаз", сцвярджае Дзмітрый Паўлічэнка. "Таму, калі нейкія падзеі і адбываліся [у 1999 годзе], да якіх САХР не мае дачынення, ён адбываў пакаранне", — кажа былы камандзір.

Паўлічэнка сцвярджае, што "у КДБ на Гараўскага ёсць дасье". Суд адбыўся ў тым жа 1999-м і былы баец адсядзеў "тры ці чатыры гады". Сам Юрый Гараўскі пра гэта ў фільме нічога не распавядае.

Далей Дзмітрый Паўлічэнка кажа, што пасля вызвалення Гараўскага ён дапамог яму знайсці працу ("свой — не свой, але служыў жа ў нас"), але ён "дапусціў нейкія махінацыі і яго і адтуль выгналі". У фільме Юрый Гараўскі кажа, што на яго быў здзейснены замах — аўтааварыя, у якой ён атрымаў сур'ёзную траўму і лечыцца ў адной з краін ЕС. Па версіі Паўлічэнкі, Гараўскі сам трапіў у аварыю і быў за рулём у стане алкагольнага ап'янення. І ён, нібыта, і ў той сітуацыі "знайшоў спосаб яго падтрымаць".

"Але чалавек спрабуе зарабіць на гэтым усім, — гаворыць Дзмітрый Паўлічэнка. — Чалавек проста страціў сумленне і арыентыры".

Паўлічэнка ў чарговы раз заявіў, што Спецыяльны атрад хуткага рэагавання не мае ніякага дачынення да знікненняў людзей: "Гэта поўнае трызьненне нейкае".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі