Фрыдман: “Пакуль выглядае так, што ад гэтага працэсу выйграў толькі Гараўскі”

Так і незразумела, ці будзе далейшае расследванне гэтай справы

Так і незразумела, ці будзе далейшае расследванне гэтай справы / dw.com

Апраўдальны прысуд экс-байцу беларускага “эскадрона смерці” для Еўрарадыё пракаментаваў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Хоць у эксперта пакуль больш пытанняў, чым адказаў. Пра прысуд стала вядома з медыя — сам тэкст судовага рашэння не апублікаваны.

— Суддзя сказаў, што мэтай гэтага працэсу было высветліць ролю Гараўскага, а не даследаваць злачынствы, якія адбыліся ў 1999 годзе. У швейцарскай феміды вельмі высокія стандарты, асабліва калі гаворка пра ўдзел у выкраданні людзей і забойствы. Ён блытаўся ў паказаннях, а асновай былі ягоныя прызнанні. І на глебе гэтага прызнаць яго вінаватым... напэўна, гэтага не хапіла зыходзячы з іх стандартаў. Тут няма нейкіх мэсэджаў. Гэта звычайная судовая праца. Суддзя кажа: я не вывучаў гэтыя злачынствы, я ведаю, што яны былі, але мяне цікавіла толькі адно пытанне: роля Гараўскага. Там жа нават быў суд прысяжных. І на ўзроўні тых матэрыялаў, якія яны атрымалі, асудзіць Гараўскага было цяжка, — кажа Аляксандр Фрыдман.

А вось калі весці гаворку пра расследаванне прымусовых знікненняў і забойстваў Захаранкі, Красоўскага і Ганчара — тут незразумела, ці будзе далейшае рух у гэтай справе.

— Ці хапае ім інфармацыі, якую даў Гараўскі, каб, напрыклад, выставіць штосьці Паўлічэнку альбо Сівакову? Чаканні ж былі якія: што ў прысудзе будуць названыя вінаватыя, канкрэтныя асобы, а не агульнае "ўлады Беларусі", — заўважае суразмоўца..

Суд яшчэ будзе разглядаць грамадзянскія іскі ад Алены Захаранка і Валерыі Красоўскай, але аналітык лічыць, што яны наўрад ці будуць задаволеныя — калі ўжо суд вырашыў, што Гараўскі не здзяйсняў злачынстваў.

— Наколькі я разумею, яго лёс будуць вызначаць міграцыйныя службы Швейцарыі. З аднаго боку, ён прызнаны невінаватым у забойствах, з іншага — яго не абвінавачваюць у падмане швейцарскіх уладаў. Для яго ўсё добра. Выдаць яго ў Беларусь — нешта зусім немагчымае. Пакуль выглядае так, што ад гэтага працэсу выйграў толькі Гараўскі, — падсумоўвае Аляксандр Фрыдман.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі