"Гэта як раскол" — літоўскі палітолаг пра "Пашпарт Новай Беларусі"

Літоўскі палітолаг выказаўся пра "Пашпарт Новай Беларусі" / прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Пашпарт новай Беларусі — файны дакумент з добрым дызайнам, аднак ён наўрад ці стане сапраўдным, пра гэта ў інтэрв'ю Еўрарадыё выказаўся літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.
— Не можа быць такога, каб адна краіна і два пашпарты. Самае галоўнае, калі мы гаворым пра беларускія дэмакратычныя сілы, якія нібыта павінны мець намер аб'ядноўваць народ, што беларускі пашпарт будзе толькі для дыяспары, а не для тых, хто ўнутры — мне бачыцца гэта як раскол. Бо рэжым пастаянна робіць гэты раскол: яны вось пазбавілі вас консульскіх паслуг, пазбаўляюць вас магчымасці галасаваць... яны (рэжым) робяць раскол, навошта паддавацца на гэтую лінію?
Юрконіс адзначае, што ў цэлым файна, што ёсць такі праект, як і праект новай Канстытуцыі.
— Гэта паказвае ўменне беларускіх дэмакратычных сіл рабіць сваю працу і рыхтавацца да пераменаў. Усё гэта будзе запатрабавана і пашпарт таксама. Мы павінны не забываць, што "Пагоня" была афіцыйным сімвалам Беларусі да Лукашэнкі і гэта павінны памятаць.
Нагадаем, "Пашпарт Новай Беларусі" — праект альтэрнатыўнага пашпарта для грамадзян РБ, які змог бы пацвярджаць асобу чалавека і даваць магчымасць легальна перамяшчацца паміж краінамі. Ён запушчаны Аб'яднаным пераходным Кабінетам Беларусі ў адказ на забарону рэжыму Лукашэнкі на атрыманне пашпарта ў консульствах за мяжой.
4 лютага стала вядома аб прыпыненні вытворчасці дакумента ў Літве пасля крытыкі з боку палітыкаў і папярэджання літоўскіх праваахоўных органаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.