Беларус уцёк на Захад і кажа, што ўдзельнічаў у забойстве генерала Захаранкі

Беларус уцёк на Захад і кажа, што ўдзельнічаў у забойстве генерала Захаранкі

41-гадовы Юрый Гараўскі, які прадставіўся былым байцом беларускага "эскадрона смерці", расказаў пра выкраданне і забойства ў 1999 годзе апазіцыйных дзеячоў — генерала Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага. Дакументальны фільм з яго прызнаннямі выйшаў на канале DW на YouTube (поўны тэкст інтэрв'ю тут). Гараўскі трапіў у аўтааварыю ў Беларусі і палічыў, што гэта замах на яго (ён думае, што яго былыя калегі адчулі, што ён хоча распавесці пра тыя падзеі). Таму праз нейкі час уцёк за мяжу, праходзіць лячэнне ў адной з краін ЕС. Ён хоча атрымаць прытулак і падаў адпаведныя дакументы.

Гараўскі: "Мы працавалі па загадзе, вусны загад быў дадзены. Калі б я не пагадзіўся, на маё месца стаў бы іншы чалавек. І ён здзейсніў бы тое самае".

Гараўскі кажа, што Захаранку захапіла група байцоў Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС. Яны вывезлі апазіцыянера з Мінска і застрэлілі з "расстрэльнага" пісталета, пасля чаго яго цела прывезлі назад у сталіцу, у крэматорый на Паўночных могілках. Ганчара і Красоўскага вывезлі ў лес каля базы спецатрада каля Бягомля і застрэлілі там, а пасля закапалі там жа. У тым жа раёне закапалі расплюшчаны БТРам аўтамабіль, у якім яны ехалі.

Былы камандзір САХРу Дзмітрый Паўлічэнка пазней заявіў TUT.by, што ўсё гэта "трызьненне" і распавёў сваю версію пра Юрыя Гараўскага.

Гараўскі сцвярджае, што мае з сабой пэўныя дакументы. Ён абяцае, што можа паказаць месцы пахавання забітых "эскадронам смерці" Ганчара і Красоўскага. Былы ўдзельнік "эскадрона смерці" склаў спіс асоб, якія ўдзельнічалі ці ведалі пра выкраданні і расстрэлы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі